Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат заклікаў Трампа далучыць Эўразьвяз да перамоваў аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў


Эмануэліс Зінгерыс
Эмануэліс Зінгерыс

Адсутнасьць Эўразьвязу на перамовах наконт вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі непакоіць эўрапейскіх палітыкаў.

З крытыкай ЗША за тое, што ў ініцыяваны імі працэс вызваленьня палітвязьняў у Беларусі ня ўключаныя краіны Эўразьвязу, выступіў сябра камісіі Сейму Літвы ў міжнародных справах Эмануэліс Зінгерыс.

«Калі гэта ідзе над нашымі галовамі — гэта не найлепшае рашэньне», — сказаў ён на штогадовым «Эканамічным форуме» ў польскім Карпачы, піша Позірк.

Палітык падзякаваў Вашынгтону за намаганьні ў вызваленьні палітзьняволеных, у прыватнасьці, Сяргея Ціханоўскага, аднак дадаў, што павінны быць салідарныя кансультацыі, калі ідзе размова пра Лукашэнку, паміж ЗША і хаўрусьнікамі.

Паводле намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі, з маральнага пункту гледжаньня яму было цяжка прыняць факт тэлефоннай размовы Трампа з Лукашэнкам, якая адбылася 15 жніўня, і камплімэнты, якія гучалі на адрас апошняга.

«З іншага боку, стратэгічнай мэтай дэмакратычных сілаў ёсьць вызваленьне палітзьняволеных», — дадаў ён.

Раскрытыкаваў пазыцыю ЗША і Трампа сябра Нацыянальнага сходу парлямэнту Францыі Фрэдэрык Пэці. Пасьля размовы прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам француз заявіў, што «адміністрацыя Трампа ня мае паняцьця, чым сёньня ёсьць сьвет».

У якасьці прыкладу ён прывёў прапановы кіраўніка Белага дому аб кантролі ЗША над Сэктарам Газа: «Газа — гэта не пустэльня. Газа — гэта найстарэйшы горад гэтага рэгіёну. З найстарэйшай праваслаўнай царквой. А гэты хлопец, у якога ёсьць усе магчымасьці, які кіруе самай вялікай краінай у сьвеце, кажа, што гэта пустэльня, зробім тут аазіс».

Пасьля перамоў з Лукашэнкам праз тэлефон Трамп яшчэ раз вярнуўся да тэмы 17 жніўня, калі ў сваёй сетцы Truth апублікаваў допіс пра 1300 беларускіх вязьняў. Ён не назваў іх палітычнымі, але згадаў патрэбу іх вызваленьня. А Лукашэнку назваў «магутным лідэрам».

У тэлефонных перамовах амэрыканскі прэзыдэнт назваў Лукашэнку «паважаным прэзыдэнтам Беларусі», хаця на Захадзе ніхто пасьля 2020 году Лукашэнку «прэзыдэнтам» не называў і выбараў не прызнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG