Былы беларускі чыноўнік, а пазьней апазыцыянэр, актывіст Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Анатоль Котаў прыбыў у аэрапорт Стамбулу з Варшавы ў 13:49 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон, дзе пакінуў краіну праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам у 18:35, піша турэцкае інфармагенцтва IHA без спасылкі на крыніцы гэтай інфармацыі.
Раней паведамлялі, што Котаў вылецеў з Варшавы ў Стамбул у асабістых справах, быў на сувязі з роднымі і калегамі, а пасьля 21:30 польскага часу перастаў выходзіць на сувязь.
Трабзон — грузавы морскі порт. Да Расеі ад яго 300 кілямэтраў.
У раскладзе караблёў 21 жніўня пазначаны толькі адзін — а 19:00 з прыстані № 2 выйшаў грузавы карабель SHELLS пад ірляндзкім сьцягам. Але 23 жніўня ён ужо быў зноў у порце Трабзону.
Раней стала вядома, што сваякі Котава падалі заяву пра пошук дзеяча ў турэцкія органы.
Інфармацыю аб зьнікненьні паплечніка 28 жніўня пракамэнтаваў Аляксандар Апейкін:
«Паводле наяўнай на сёньня інфармацыі, калегі і блізкія Анатоля Котава дапускаюць яго прымусовую неафіцыйную экстрадыцыю з тэрыторыі Турэччыны. Іншыя вэрсіі пакуль не разглядаюцца, бо пакінуць Турэччыну ў бок Расеі ці Беларусі можна бязь цяжкасьцяў з аэрапорту Стамбулу. Для гэтага не патрэбныя складаныя марскія маршруты».
Хто такі Анатоль Котаў
Анатоль Котаў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску, працаваў у Міністэрстве замежных справаў, з 2006 па 2015 год займаў розныя пасады ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы.
У 2015 годзе Анатоль Котаў вярнуўся ў Менск, дзе перайшоў з МЗС на працу ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў той час узначальваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. У 2019 годзе Анатолю Котаву даручылі ўзначаліць арганізацыю ў Менску Эўрапейскіх гульняў.
18 жніўня 2020 году Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсыфікацыяў на выбарах і асудзілі гвалт сілавікоў.
Неўзабаве пасьля гэтага Анатоль Котаў зьехаў за мяжу ў Польшчу, дзе ўзначаліў створаны з удзелам Паўла Латушкі фонд «Беларусь будучыні», які пазьней пакінуў.
Удзельнічае ў працы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, зьўяляецца супрацоўнікам варшаўскага івэнт-агенцтва Terra Group.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фонд спартовай салідарнасьці папрасіў дапамогі ў пошуку Анатоля Котава, які зьнік у Турэччыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыплямат, генэральны сакратар Алімпійскага камітэту, асуджаны на 12 гадоў турмы. Хто такі Анатоль Котаў, які зьнік у Турэччыне 21 жніўня