На вучэньнях перад Air Show у Радаме разьбіўся F-16. Імпрэзу ў Радаме арганізатары вырашылі скасаваць.
Дзяржаўная камісія Польшчы ў авіяцыйных аварыях і нацыянальная пракуратура расьсьледуюць прычыну катастрофы. Самалёт упаў на ўзьлётна-пасадачную паласу пры спробе выйсьці зь пятлі. Загінуў маёр Мацей Краковян, які тры гады запар быў пілётам-дэманстратарам Air Show.
«Гэта траўма для ўсёй супольнасьці. Мы зробім усё, каб забясьпечыць сям’ю Мацека», — заявіў генэральны інспэктар ВПС Ірэнэуш Новак, якога цытуе Польскае радыё.
Віцэ-прэм’ер Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш выказаў спачуваньні сям’і загінулага пілёта і абвясьціў, што сёлетняе авіяшоў, заплянаванае на бліжэйшыя выходныя, скасаванае. Усім, хто купіў квіткі, вернуць грошы.
У катастрофе самалёта F-16 больш ніхто не пацярпеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы на месцы падзеньня дрону завяршылі сьледчыя дзеяньні. У іх бралі ўдзел амаль 150 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-польскай мяжы група мігрантаў параніла польскага жаўнера