У Афганістане ў выніку землятрусу, які адбыўся а 23:45 31 жніўня недалёка ад мяжы з Пакістанам, загінулі 622 чалавекі і больш за 1500 атрымалі раненьні.
Як паведаміла агенцтва Reuters, магутнасьць землятрусу склала 6,0 балаў.
Жыхар правінцыі Нангархар паведаміў Радыё Свабода аб вялікай колькасьці разбураных будынкаў. «Усё зраўняла зь зямлёй. Тэрмінова трэба даставіць людзям аптэчкі, харч і неабходныя тавары для дому», — сказаў ён.
Мадэляваньне, якое раней правяла Геалягічная служба ЗША (USGA), паказала, што меркаваная колькасьць загінулых можа дасягаць сотняў чалавек.
USGA паведаміла, што эпіцэнтар штуршкоў землятрусу быў на глыбіні 8 кілямэтраў, штуршкі на такім адносна невялікім узроўні прычыняюць большую шкоду, чым глыбейшыя падземныя штуршкі.
Жыхары сталіцы Пакістану Ісламабаду, які знаходзіцца больш чым за 300 кілямэтраў ад эпіцэнтру, паведамілі, што адчулі толькі дрыжаньне будынкаў.
Землятрус адбыўся пасьля таго, як правінцыя Нангархар пацярпела ад моцнай паводкі ў мінулыя выходныя, у выніку якой загінулі прынамсі пяць чалавек, былі зьнішчаныя ўраджай і маёмасьць.
Афганістан, асабліва ў горным масіве Гіндукуш, часта цярпіць ад землятрусаў. Вялікая колькасьць ахвяраў — вынік нізкіх будаўнічых стандартаў, аддаленасьці і цяжкасьці з наданьнем дапамогі пацярпелым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветная харчовая праграма ААН папярэджвае пра «беспрэцэдэнтны» голад у Афганістане