Хроніка перасьледу: пэнсіянэрка зь Бярозы хацела паскардзіцца Лукашэнку на малую пэнсію, а яе затрымалі

Беларускі міліцыянт. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Арыштавалі пэнсіянэрку зь Бярозы, якая хацела паскардзіцца Лукашэнку

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», падчас прыезду Аляксандра Лукашэнкі 13 чэрвеня ў Бярозаўскі раён Берасьцейскай вобласьці мясцовыя жыхары атрымалі загад не выходзіць з сваіх дамоў.

Але адна пэнсіянэрка зь Бярозы хацела ўжывую паскардзіцца Лукашэнку на малыя пэнсіі. Аднак сустрэцца з Лукашэнкам ёй не ўдалося, жанчыну пасьля выхаду з дому затрымалі і змясьцілі ў ІЧУ Бярозаўскага раёну на 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 жніўня. Асуджанага на 13 гадоў сьвятара этапавалі ў Бабруйск

У Беларусі зьбіраюцца завочна судзіць экс-каліноўца Максіма Шабуцкага

Следчы камітэт паведаміў, што супраць былога добраахвотніка палка Каліноўскага, блогера і былога сябра Каардынацыйнай рады Максіма Шабуцкага пачалі спэцыяльнае вядзеньне. Гэта значыць, яго зьбіраюцца судзіць завочна.

Яму выставілі абвінавачаньні па 18 артыкулах Крымінальнага кодэксу: ад «масавых беспарадкаў» і «паклёпу» да «стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня» і «змовы дзеля захопу ўлады», перадае «Позірк».

Шабуцкі далучыўся да палка Каліноўскага пры канцы 2022 году, пакінуў яго ў 2023-м.

У 2024-м яго абралі ў Каардынацыйную раду, але ў студзені 2025-га ён пакінуў яе «з асабістых прычынаў».

Да 2020 году Шабуцкі працаваў у структурах Міністэрства ўнутраных спраў.

Спэцыяльнае вядзеньне у Беларусі прымянялі ўжо ў дачыненьні да больш як 150 чалавек, якія знаходзяцца за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд адмаўляецца разглядаць скаргі асуджаных завочна. Вось якая прычына