Хто будзе на парадзе ў Пэкіне і чаго Кітай хоча ад замежных гасьцей, сярод якіх Лукашэнка

Кітайскі вайсковы хор падчас параду ў Пэкіне ў 2015 годзе

Сярод замежных лідэраў, якія прыехалі ў Пэкін і будуць на вайсковым парадзе 3 верасьня, шмат прадстаўнікоў краін, якія знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі.

Кітайскі кіраўнік Сі Дзіньпін сабраў у Пэкіне кіраўнікоў 26 дзяржаваў. Яны 3 верасьня маюць наведаць вайсковы парад у гонар 80-й гадавіны цырымоніі капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе і заканчэньня Другой Усясьветнай вайны. Сярод замежных гасьцей практычна ня будзе заходніх лідэраў — выняткам можна лічыць толькі прэм’ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу, які паведаміў, што едзе ў Кітай.

Больш заходніх лідэраў было на мінулым парадзе

Мілан Ігрутынавіч зь бялградзкага Інстытуту эўрапейскіх дасьледаваньняў расказаў РСЭ/РС, што на мінулым такі парадзе ў 2015 годзе было больш замежных лідэраў, асабліва заходніх.

Ён адзначыў, што сёлетні парад адбываецца ў кантэксьце вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне, эканамічнага напружаньня паміж ЗША і Кітаем, «новай Халоднай вайны» паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі і пагаршэньня адносінаў паміж Кітаем і Эўразьвязам.

«Для Сі Дзіньпіна гэты парад — спосаб ціха, хоць пры гэтым візуальна ня ціха, паказаць сябе як неабмежаванага лідэра групы краін», — кажа Ігрутынавіч.

У той жа час ён падкрэсьлівае, што не ідзецца пра фармальныя хаўрусы, тым больш вайсковыя.

«Аднак калі браць пад увагу асноўныя „зоркі“, дык выснова такая, што Кітай эканамічна наймацнейшы і найстабільнейшы сярод іх, а таксама, магчыма, дамінуе ў вайсковай сфэры», — дадаў ён.

Партнэрства з Кітаем узмацняе Лукашэнку

Беларусь і Кітай пабудавалі тое, што абодва бакі называюць стратэгічным партнэрствам. Менск атрымоўвае інвэстыцыі, тэхналёгіі і палітычную падтрымку, калі адносіны з Захадам застаюцца замарожанымі праз санкцыі.

Беларусь супрацоўнічае з Кітаем у вайсковай сфэры. На вучэньнях у Беларусі ў ліпені 2024 году кітайскія войскі трэнаваліся каля самай мяжы з NATO.

Для Аляксандра Лукашэнкі Кітай стварае супрацьвагу заходняму ціску і дапамагае аслабіць залежнасьць ад Масквы, а таксама дае шанец заставацца заўважным на глябальнай сцэне.

Беларусь набывала кітайскія дроны, электроніку, іншае абсталяваньне. У той жа час супраца з Кітаем у сфэры сачэньня за людзьмі і кантролю за лічбавай прасторай стала ключавым фактарам рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі супраць іншадумцаў і абмежаваньня свабоды інтэрнэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стратэгічная ілюзія: што Беларусь робіць у ШАС?

Пэкін не павярнуўся сьпінай да Масквы

У той час як многія сусьветныя сталіцы — асабліва на Захадзе — закрытыя для кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, Пэкін застаецца для яго адкрытым.

Расея знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну тры гады таму.

Выняткам з санкцыяў была сустрэча Пуціна з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам на Алясцы 15 жніўня — частка намаганьняў Вашынгтону знайсьці шлях спыненьня вайны.

Ад пачатку ўварваньня Пэкін заяўляў пра нэўтралітэт, у той жа час купляючы расейскую нафту і газ — ключавыя крыніцы даходу для Масквы — і пастаўляючы тэхналёгіі падвойнага прызначэньня для расейскіх войскаў.

Пэкін як галоўны хаўрусьнік Пхэньяну

Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын, які рэдка выяжджае за мяжу, апошні раз наведваў Пэкін ў 2019 годзе. Кітай — галоўны хаўрусьнік і гандлёвы партнэр Паўночнай Карэі, а таксама важная краіна ў далікатных перамовах пра ядзерную і ракетную праграмы КНДР.

Паўночная Карэя знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, скіраванымі на тое, каб яна адмовілася ад сваіх праграмаў вытворчасьці ядзернай зброі і балістычных ракет, якія ўспрымаюцца як сурʼёзная пагроза міжнароднай бясьпецы і міру.

28 жніўня ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Але ўсяго некалькімі днямі раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што сустрэнецца з Кім Чэн Ынам «у нейкі момант», дадаўшы, што мае зь ім «вельмі добрыя адносіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Трамп незадаволены падзеямі вакол Украіны, але і ня зьдзіўлены

Кітай як абаронца рэжыму ў Мʼянме

Мʼянмай кіруе вайсковы рэжым ад лютага 2021 году, калі вайскоўцы зрынулі абраны ўрад Аўнг Сан Су Чы. Пасьля перавароту масавы негвалтоўны супраціў у краіне паступова ператварыўся ва ўзброенае змаганьне.

Эўразьвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць рэжыму Мʼянмы. Кітай, у сваю чаргу, заблякаваў рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН з асуджэньнем перавароту. Паводле Кітаю, санкцыі і міжнародны ціск толькі пагаршаюць сытуацыю.

Разам з Расеяй Пэкін ня раз абараняў Мʼянму ад крытыкі ў ААН за ваенныя дзеяньні супраць мусульманскай меншасьці краіны — народу рагінгʼя.

У Пэкіне цяпер паведамілі аб прыезьдзе кіраўніка хунты Мʼянмы Мін Аўнг Глайнга, які рэдка падарожнічае за мяжу.

Іран зьвяртаецца да Кітаю

Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына запусьцілі мэханізм аднаўленьня санкцыяў ААН супраць Ірану ў сувязі зь яго ядзернай праграмай. Гэтыя санкцыі былі прыпыненыя пасьля ядзернай дамовы 2015 году. Аднак Іран прыпыніў супрацу з МАГАТЭ пасьля амэрыканскіх і ізраільскіх удараў па ягоных ядзерных абʼектах у ліпені.

Пасьля кароткай вайны з Ізраілем Тэгеран цяпер зьвяртаецца да Кітаю, каб атрымаць сучаснае вайсковае абсталяваньне, якога не паставіла Расея. Пакуль што няясна, як далёка ўжо зайшла гэтая супраца.

«Сход» Вучыча і яго палітычных саюзьнікаў

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч і кітайскі лідэр Сі Дзіньпін узмацнілі двухбаковыя сувязі, назваўшы іх «сталёвым сяброўствам». У дадатак да эканамічнай і палітычнай супрацы Сэрбія апошнімі гадамі паглыбіла вайсковае супрацоўніцтва з Кітаем, што выклікае заклапочанасьць у Брусэлі і Вашынгтоне.

У ліпені ў Кітаі прайшлі першыя супольныя вайсковыя вучэньні з удзелам кітайскіх і сэрбскіх спэцпадразьдзелаў. Да таго Сэрбія стала купляць кітайскае вайсковае абсталяваньне, у тым ліку дроны і зэнітна-ракетны комплекс FK-3. Сэрбія стала першай эўрапейскай краінай, якая ўзяла FK-3 на ўзбраеньне.

Сі Дзіньпін двойчы наведваў Сэрбію, а Вучыч ня раз прыяжджаў у Кітай. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адмовіўся камэнтаваць заплянаваную прысутнасьць Вучыча на парадзе сярод лідэраў дзяржаваў пад санкцыямі. Эўразьвяз на момант публікацыі не адказаў на просьбу пракамэнтаваць гэта.

Нягледзячы на тое, што Сэрбія ёсьць кандыдатам на далучэньне да Эўразьвязу, Вучыч падтрымлівае шчыльныя сувязі з Масквой і Пэкінам. У апошнія 9 месяцаў у Сэрбіі адбыліся антыўрадавыя пратэсты, якія пачаліся з заклікаў утаймаваць карупцыю, а перарасьлі ў патрабаваньне датэрміновых выбараў.

Пратэсты справакавала трагедыя ў горадзе Нові-Сад, дзе 16 чалавек загінулі ў выніку абурваньня павеці на чыгуначным вакзале. Рэканструкцыяй вакзалу займаліся кітайскія кампаніі, якія, разам з сэрбскімі ўладамі, настойвалі, што павець не ўваходзіла ў сьпіс рэканструяваных аб’ектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за выбухам гвалту падчас пратэстаў у Сэрбіі? Аналіз Свабоды

Кітайскія машыны на армянскіх вуліцах

Падчас папярэдняга візыту ў Кітай у 2019 годзе прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і Сі Дзіньпін гаварылі пра жаданьне паглыбіць палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі сваіх краін.

Адзін з заўважных прыкладаў — супраца ў вытворчасьці гумы паміж армянскім хімічным прадпрыемствам-гігантам «Найрыт», якое засталося ў спадчыну з савецкага часу, і яго кітайскім партнэрам.

Кітайскія фірмы таксама ўдзельнічаюць у маштабных інфраструктурных праектах у Армэніі, у тым ліку ў пабудове шашы з поўначы на поўдзень. Апошнімі гадамі рэзка вырас імпарт у Армэнію кітайскіх аўтамабіляў, у тым ліку электрамабіляў. Яны ўжо зрабіліся звыклымі на вуліцах Ерэвану.

Сувязі Азэрбайджану з Кітаем хутка паглыбляюцца

Азэрбайджан і Кітай увялі ўзаемны бязьвізавы рэжым, што стала сымбалічнай прыступкай у двухбаковых адносінах. Для рэжыму ў Баку партнэрства з Кітаем — спосаб балянсаваць паміж Масквой, Анкарой, Брусэлем і Вашынгтонам.

Пытаньне ў тым, ці шчыльныя сувязі з Пэкінам паспрыяюць дабрабыту, ці проста пашыраць прастору для манэўру аўтарытарнай дзяржавы.

Аналітыкі адзначаюць, што Азэрбайджан практычна не выказвае засьцярогаў наконт сваёй залежнасьці ад Кітаю. Але гэта выклікае асьцярогу, што рост імпарту азэрбайджанскіх энэрганосьбітаў у краіны Эўразьвязу можа прывесьці да большага кітайскага ўплыву на ЭЗ.

Ад часу поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Азэрбайджан пазыцыянуе сябе як бясьпечны транзытны калідор «Усход – Захад», які абмінае расейскую тэрыторыю.

Чаго хоча Кітай?

29 жніўня намесьнік міністра замежных справаў Кітаю Хун Лэй заявіў, што парад мае прадэманстраваць цьвёрдую прыхільнасьць краіны да мірнага разьвіцьця, яе непарушную волю абараняць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама здольнасьць гарантаваць мір у сьвеце.

Чакаецца, што Кітай прадэманструе самае перадавое ўзбраеньне, у тым ліку сотні самалётаў, танкаў і сыстэмаў змаганьня з дронамі.

«Парад мае паказаць усё большую сілу кітайскага войска і яго тэхналягічны прагрэс, а таксама сымбіёз паміж партыяй і войскам у часе нечаканых кадравых зьменаў», — тлумачыць Ігрутынавіч.

BBC паведаміла, што на парадзе ўпершыню будзе прадэманстраваная новая структура Ўзброеных сілаў Кітаю, калі дзясяткі тысяч вайскоўцаў пройдуць маршам праз плошчу Т’еньаньмэнь. Reuters называе парад паказам усё большай вайсковай сілы Кітаю і дыпляматычнай салідарнасьці паміж Кітаем, Расеяй і «глябальным поўднем».

У адказ на пытаньне, ці можна лічыць сьпіс гасьцей пасланьнем у адрас Захаду, Ігрутынавіч падкрэсьліў, што ня ўсе наведнікі ўпісваюцца ў адну схему.

«Але з патрэбнай асьцярожнасьцю, магчыма, мы можам сказаць, што гэта сымбалічны сход групы разнастайных краін, якія маюць розныя адносіны з Захадам. Аднак самых заўважных прысутных лідэраў абʼядноўвае канфрантацыя з Амэрыкай».