Зяленскі заклікаў кіраўніцу Міжнароднага алімпійскага камітэту захаваць прынцыповую пазыцыю да Беларусі

Прэзыдэнтка Міжнароднага алімпійскага камітэту Кірсьці Ковэнтры (Kirsty Coventry), архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў размову з новай прэзыдэнткай Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсьці Ковэнтры, якая ўзначаліла камітэт у сакавіку 2025 году.

Падчас размовы Зяленскі падкрэсьліў, што Расея працягвае сваю агрэсію, якая разбурае спартыўную інфраструктуру і асновы алімпійскага руху.

«За час поўнамаштабнай вайны ад расейскіх удараў загінулі больш за 600 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў, былі разбураны сотні нашых спартовых абʼектаў», — адзначыў Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што кожную спартовую падзею, да якой Расея мае дачыненьне, яна выкарыстоўвае для сваёй прапаганды, якая нясе нянавісьць і вайну. Таму ён заклікаў трымаць дыстанцыю паміж спартовым рухам і расейскай дзяржавай.

Зяленскі выказаў надзею, што падчас падрыхтоўкі і правядзеньня Алімпіяды-2026 МАК захавае тую ж прынцыповую пазыцыю, якая была прадэманстравана падчас Алімпіяды ў Парыжы — як адносна Расеі, так і адносна яе хаўрусьніцы — Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія біятляністы ня змогуць выступіць на Алімпіядзе-2026, нават у нэўтральным статусе