Як паведаміў кіраўнік кампаніі «Газпром» Аляксей Мілер, гэта стала магчымым пасьля трохбаковых перамоваў, якія адбыліся ў Пэкіне паміж Расеяй, Манголіяй і Кітаем.
Паводле расейскага агенцтва «Інтэрфакс», чакаецца, што пастаўкі будуць ісьці цягам 30 гадоў у аб’ёме 50 мільярдаў кубамэтраў на год.
Апроч таго, бакі дамовіліся павялічыць пастаўкі праз трубаправод «Сіла Сібіру» з 38 да 44 мільярдаў кубамэтраў на год, а па «Ўсходнім маршруце» з 10 да 12 мільярдаў кубамэтраў на год, паведаміла расейскае агенцтва РБК.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін шмат гадоў абмяркоўваў зь лідэрам КНР Сі Дзіньпінам запуск «Сілы Сібіру – 2» — трубаправоду, які мае прайсьці ад радовішчаў кампаніі «Газпром» на Ямале праз Заходні Сібір і Манголію на паўночны ўсход Кітаю. «Сіла Сібіру – 2» здольная ператварыць Расею ў найбольшага імпартэра на кітайскім рынку.
Кітай вёў перамовы на гэты конт з пазыцыі сілы, паведамляла газэта The South China Morning Post у 2023 годзе. Перамовы зайшлі ў тупік, пісала ў чэрвені 2024 году газэта Financial Times. Паводле інфармацыі выданьня, Кітай прасіў цану на газ, блізкую да ўнутраных расейскіх цэнаў, якія ўрад Расеі субсыдуе, а таксама хацеў набываць праз новы газаправод невялікі аб’ём прыроднага газу. Расея лічыла гэтыя патрабаваньні неабгрунтаванымі. Кітай зноў зацікавіўся трубаправодам пасьля вайны паміж Ізраілем і Іранам у 2025 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Лукашэнка прывёз з Пэкіну? Тлумачэньне кітаіста Чыгадаева