Ад землятрусу ў Афганістане загінулі 1124 чалавекі, больш за 3000 атрымалі раненьні

Афганцы нясуць на пахаваньне загінулых ад землятрусу дзяцей у правінцыі Кунар ва ўсходнім Афганістане, 1 верасьня 2025 году

Улады Афганістану і гуманітарныя арганізацыі паведамілі аб 1124 загінулых у выніку магутнага землятрусу і 3251 параненых.

Як паведаміла Афганская служба Радыё Свабода, у Афганістане не выключаюць далейшага росту колькасьці загінулых.

Паведамляецца, што разбураныя цэлыя вёскі. Многія людзі, у тым ліку дзеці, усё яшчэ пад заваламі. Мясцовыя жыхары просяць тэрміновай дапамогі і паскарэньня выратавальных апэрацыяў.

«Людзі ўва ўсёй даліне пацярпелі. Усе дамы разбураныя, нічога не засталося. [...] Самалёты прылятаюць, запаўняюцца [загінулымі і параненымі] і зноў зьлятаюць. Гэта велізарная трагедыя. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў нічога падобнага», — працытавала агенцтва DPA жыхара правінцыі Кунар, у якога загінулі некалькі сямейнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Афганістане ў выніку землятрусу загінулі больш за 800 і параненыя больш за 2800 чалавек

Паводле зьвестак Геалягічнай службы ЗША (USGS), землятрус магнітудай 6,0 адбыўся 31 жніўня а 19:17 грынвіцкага часу, незадоўга да поўначы мясцовага часу, недалёка ад мяжы Афганістану з Пакістанам.

Многія краіны сьвету выказалі спачуваньні пацярпелым, некаторыя прапанавалі дапамогу і падтрымку. Пасьля дзесяцігодзьдзяў вайны Афганістан застаецца адной з найбяднейшых краін сьвету і цярпіць ад гуманітарных крызісаў. Краіна змагаецца з прымусовай дэпартацыяй мільёнаў афганскіх уцекачоў з Пакістану і Ірану, калі яе здольнасьць рэагаваць на стыхійныя бедзтвы значна аслабла пасьля спыненьня замежнай дапамогі па захопе ўлады талібамі ў жніўні 2021 году. З таго часу Афганістан быў у значнай ступені ізаляваны ад міжнароднай супольнасьці, што ўскладняе аказаньне дапамогі. Толькі Расея афіцыйна прызнала ўрад талібаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветная харчовая праграма ААН папярэджвае пра «беспрэцэдэнтны» голад у Афганістане