Польскія байкеры наведалі Курапаты. ФОТА

Польскія байкеры каля курапацкіх крыжоў

Удзельнікі другога прабегу «Панары-Катынь» ушанавалі памяць загінулых у Курапатах пад Менскам — месцы пакуты тысяч людзей, у тым ліку палякаў, ахвяраў савецкага тэрору.

«Гэта быў момант глыбокага роздуму і рэфлексіі. Мы хочам, каб памяць пра ахвяр Панараў, Катыні, Курапатаў і ўсіх месцаў расстрэлаў ніколі ня згасла. Гэта ня толькі даніна памяці загінулым, але і абавязак перад будучымі пакаленьнямі забясьпечыць, каб гістарычная праўда заўсёды жыла», — адзначылі матацыклісты на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Днямі байкеры некалі правялі акцыю памяці каля мэмарыялу «Меднае» пад горадам Цьвер, дзе пахаваныя больш за шэсьць тысяч польскіх вайскоўцаў, расстраляных у 1940 годзе. Пасьля гэтага ім забаранілі ўезд у Расею, а таксама склалі на іх пратаколы за парушэньне міграцыйных правілаў.

У Медным расейскія ўлады нядаўна здымалі польскія вайсковыя сымбалі на месцах пахаваньня палякаў. Пасьля гэтага Варшава заявіла Маскве пратэст, абвінаваціўшы яе ў распальваньні антыпольскіх настроях і антыпольскіх наратывах.

Што тычыцца Курапатаў, то беларускі нацыянальны нэкропаль часта зазнае атак вандалаў і ўладаў. У Курапатах у розныя гады ламалі крыжы, помнікі, наносілі абразьлівыя беларусафобскія надпісы, праводзілі будоўлі, нападалі на абаронцаў крыжоў. А сёлета прыбралі дарожны знак, які паказваў кірунак на Курапаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча заявіла Расеі пратэст супраць зьняцьця польскіх вайсковых сымбаляў на могілках у Медным


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лаве Клінтана» ў Курапатах — 30 гадоў. Гісторыя пра ўшанаваньне ахвяр сталінізму і вандалізм. ФОТА, ВІДЭА