Міністар фінансаў ЗША: Пуцін не выконвае абяцаньняў

Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт

Адміністрацыя ЗША разглядае «ўсе варыянты», зьвязаныя з узмацненьнем санкцый, у сувязі з апошнімі дзеяньнямі Расеі, якая працягвае вайну супраць Украіны, нягледзячы на ​​міратворчыя намаганьні Злучаных Штатаў.

Пра гэта заявіў у інтэрвію тэлеканалу Fox News міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.

Ён раскрытыкаваў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. «З моманту гістарычнай сустрэчы ў Анкарыджы і тэлефоннай размовы, калі эўрапейскія лідэры і прэзыдэнт Зяленскі былі ў Белым доме, ён рабіў супрацьлеглае таму, на што ён намякаў. Наадварот, ён агідным чынам узмацніў свае бамбардзіроўкі», — сказаў Бэсэнт, маючы на ўвазе сустрэчу Пуціна з Трампам на Алясцы і далейшыя тэлефонныя перамовы. Пры гэтым міністар не сказаў, што менавіта Пуцін абяцаў на Алясцы.

Па словах Бэсэнта, магчымыя варыянты рэакцыі ЗША будуць разгледжаныя на гэтым тыдні.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп казаў, што на працягу двух тыдняў можа прыняць рашэньне аб далейшых кроках. Гэты тэрмін скончыўся 1 верасьня. Трамп таксама заяўляў, што спадзяецца на арганізацыю трохбаковай сустрэчы лідэраў Расеі, Украіны і ЗША, але пры гэтым казаў, што, магчыма, Украіна і Расея яшчэ не гатовыя да міру.

Трамп не выключаў увядзеньня санкцый і мытаў супраць гандлёвых партнэраў Расеі (дэ-факта супраць Індыі ўжо дзейнічаюць мыты, зьвязаныя з пакупкай расейскай нафты), ня выключыўшы пры гэтым і ціску на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: Трамп незадаволены падзеямі вакол Украіны, але і ня зьдзіўлены

Трамп падкрэсьлівае, што хоча спыніць вайну, і што Расея і Ўкраіна павінны пайсьці на саступкі. На гэты момант паміж бакамі застаюцца вялікія рознагалосьсі — у пытаньнях тэрыторый і гарантый бясьпекі пасьля завяршэньня вайны.

У адміністрацыі ЗША тлумачаць адмову ад узмацненьня санкцый супраць Расеі тым, што ў гэтым выпадку Масква выйдзе з перамоваў, і вайна зацягнецца на нявызначаны час.