Украінскі праект «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, апублікаваў прозьвішчы яшчэ 596 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі.
Згодна з інфармацыяй праекту, усе яны падпісалі кантракт з расейскім войскам у першыя шэсьць месяцаў 2025 году.
«Расея вэрбуе людзей у свае „мясныя падразьдзелы“ па ўсім сьвеце, у першую чаргу там, дзе беднасьць і нізкі ўзровень жыцьця. Практычна ўва ўсіх гэтых краінах можна назіраць спробы з рознай эфэктыўнасьцю процідзейнічаць вэрбаваньню іхных грамадзян на вайну. Але толькі ў Беларусі ўлады ня робяць нічога, каб Расея не выкарыстоўвала беларусаў як салдатаў-сьмяротнікаў», — адзначылі ў праекце.
Ва Ўкраіне адзначылі, што, нягледзячы на крымінальную адказнасьць за найміцтва, у Беларусі з 2014 году не завялі ніводнай крымінальнай справы супраць сваіх грамадзян, якія ваююць на баку Расеі.
«Беларусь, краіна з насельніцтвам меншым, чым у Маскве, заплюшчвае вочы на тое, што тысячы яе грамадзян і ўраджэнцаў ідуць на сьмерць за некалькі тысяч даляраў. Мясцовы рэжым аддае іх у ахвяру Крамлю, аплочваючы ляяльнасьць імпэрыі, на чыіх грашах і штыхах сёньня трымаецца ўлада ў краіне. Імпэрыі, якая пасьлядоўна зьнішчае беларускую ідэнтычнасьць, мову і культуру», — заяўлена ў публікацыі.
Ва Ўкраіне заклікалі такіх беларусаў здавацца ва ўкраінскі палон, каб яны маглі вярнуцца жывымі ў свае сем’і.
«Украінскі і беларускі народы ніколі не былі ворагамі. Нам няма чаго дзяліць, не дазваляйце расейскім шавіністам выкарыстоўваць вас у сваіх мэтах», — падкрэсьлілі ў праекце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі: 96 зь іх загінулі, 7 — у палоне- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.