Раённая рада ў Франкфурце-на-Майне вырашыла ўшанаваць Васіля Быкава, які тут жыў

Васіль Быкаў

2 верасьня раённая рада ў нямецкім горадзе Франкфурт-на-Майне, дзе 2 гады жыў Васіль Быкаў, ухваліла прапанову беларускай арганізацыі аб усталяваньні памятнай шыльды пісьменьніку.

У аўторак 2 верасьня раённая рада №1 Франкфурта-на-Майне аднагалосна прагаласавала за ўсталяваньне памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменьніка і дысыдэнта Васіля Быкава (1924–2003), паведамілі ў арганізацыі RAZAM пасьля слуханьняў у радзе.

Надпіс будзе зроблены на нямецкай і беларускай мовах, піша выданьне Frankfurter Rundschau.

У 1998 годзе Васіль Быкаў быў вымушаны пакінуць Радзіму з-за крытыкі рэжыму Лукашэнкі. У рамках ініцыятывы «Горад прытулку» ён пражываў у Франкфурце-на-Майне ў 2001 і 2002 гадах. Цяпер раённая рада ўхваліла ўсталяваньне памятнай шыльды ў парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменьнік.

Перад галасаваньнем сябры арганізацыі RAZAM Яўгенія Гукава і Алесь Маісеенка прэзэнтавалі дэпутатам Франкфурта-на Майне жыцьцёвы шлях і творчасьць пісьменьніка.

Арганізатары падзякавалі дэпутатам, якія зрабілі магчымым рэалізацыю гэтай ідэі, а таксама суініцыятарам Міхаілу Рубіну, Тацяне Трафімавай і дэпутату Штэфану Кортэ, які падаў заяўку.

Як паведамляе выданьне Frankfurter Rundschau, мэмарыяльную дошку Васілю Быкаву плянуюць усталяваць у самым цэнтры гораду, недалёка ад таго месца, дзе пісьменьнік жыў. Падтрымку гэтаму рашэньню мясцовай рады акругі нумар адзін аказала фракцыя Свабоднай Партыі Нямеччыны.

З дапамогай мэмарыяльнай дошкі заяўнік Стэфан Кортэ, кіраўнік фракцыі СПН, хоча зьвярнуць увагу на тое, што Быкаў, «беларускі пісьменьнік і палітычны дысыдэнт, жыў у Франкфурце ў 2001 і 2002 гадах у рамках праграмы «Горад прытулку»:

«Варта ўшанаваць як яго літаратурную творчасьць, так і яго мужнае адстойваньне свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека».

Фінансаваньне праекта, паведамляе FR, будзе забясьпечана беларускай арганізацыяй «Разам» у Бэрліне.

У 2001-2002 гадах Васіль Быкаў разам з жонкай жыў Ірынай і працаваў у выгнаньні ў гэтым нямецкім горадзе, тут сярод іншага ён запісаў успаміны Барыса Кіта, зь якім блізка сябраваў пад час свайго знаходжаньня ў Нямеччыне.

Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 годзе, памёр у 2003 годзе.

У Менску да гэтага часу няма ні плошчы, ні вуліцы, ні помніка Быкаву. Музэі Быкава ёсьць ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна, дзе ён нарадзіўся, і на ягонай дачы Быкава ў Ждановічах пад Менскам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васілю Быкаву 100 гадоў. Словы пасьля юбілею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раённая рада ў Франкфурце-на-Майне абмяркуе ўшанаваньне Васіля Быкава