Лідэр КНДР узнагародзіў жаўнераў, якія ваявалі на баку Расеі супраць Украіны

На адным з фота, апублікаваных дзяржаўным паўночнакарэйскім СМІ, Кім Чэн Ын абдымае салдата, які вярнуўся з вайны супраць Украіны

Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі ЦТАК, на цырымоніі ў Пхеньяне на сцэне выставілі партрэты загінулых жаўнераў. На адным з фота, апублікаваных ЦТАК, Кім абдымае вайскоўца, які вярнуўся з расейскай вайны супраць Украіны.

The Wall Street Journal зьвярнуў увагу, што на цырымоніі ўзнагароджаньня былі больш за 10 высокапастаўленых камандзіраў, якія ўдзельнічалі ў вайне Расеі з Украінай.

Выданьне ня выключыла, што іх зноў перадысьлякуюць у Расею, хоць яны ад’ехалі б падчас спаду баявых дзеяньняў з удзелам сілаў КНДР у апошнія месяцы.

У чэрвені паўднёвакарэйская выведная служба выказала думку, што КНДР, імаверна, адправіць дадатковыя войскі падтрымаць Расею ў вайне супраць Украіны.

Шматбаковая група маніторынгу санкцыяў, у якую ўваходзяць 11 краін, абнародавала ў канцы траўня справаздачу, у якой адзначыла, што Паўночная Карэя зь верасьня 2023 году паставіла Расеі больш за 20 тысяч кантэйнэраў з боепрыпасамі, чым падтрымала расейскія ўдары па Ўкраіне, у тым ліку па крытычнай важнай інфраструктуры.

Пхеньян і Масква, якія ў лістападзе 2024 году ратыфікавалі дагавор пра ўсеабдымнае стратэгічнае партнэрства, зьняпраўджваюць пастаўкі зброі, аднак у красавіку КНДР пацьвердзіла ўдзел паўночнакарэйскіх войскаў у баявых дзеяньнях супраць украінскіх сілаў у Курскай вобласьці Расеі.

Выведка Вялікай Брытаніі 15 чэрвеня адзначыла, што паўночнакарэйскія войскі, імаверна, страцілі больш за 6 тысяч сваіх жаўнераў баявых апэрацыях супраць украінскіх войскаў у Курскай вобласьці. Гэта амаль палова колькасьці жывой сілы, якую ўлады КНДР перакінулі ў Расею. Найчасьцей называлі агульную лічбу ў 11 тысяч чалавек.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у справаздачы ў ліпені заяўляў, што Расея і Паўночная Карэя, падобна, спрабуюць выкарыстаць больш прыхаваныя шляхі, напрыклад, працоўную міграцыю, празь якую грамадзяне КНДР змогуць трапіць у шэрагі расейскай арміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дэлегацыя ў КНДР падпісала пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы і наведала «вежу Чучхэ»