Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў забойстве Парубія распавёў, што ўчыніў злачынства на просьбу расейцаў — каб вярнуць цела загінулага на вайне сына


Затрыманьне падазраванага ў забойстве Андрэя Парубія, фота Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, 1 верасьня 2025
Затрыманьне падазраванага ў забойстве Андрэя Парубія, фота Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, 1 верасьня 2025

1 верасьня Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла, што затрыманаму 52-гадоваму жыхару Львова выставілі падазрэньне ў забойстве народнага дэпутата, былога сьпікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія.

Падчас першых допытаў падазраваны ў забойстве прызнаўся ў злачынстве і распавёў пра свае кантакты з прадстаўнікамі Расеі, заявіўшы, што зьвязваўся з імі, спрабуючы знайсьці свайго сына — вайскоўца Ўзброеных сілаў Украіны, які зьнік бязь вестак. Пра гэта паведамілі крыніцы ўкраінскай службы Радыё Свабода ў праваахоўных органах.

Падазраваны ў забойстве Парубія заявіў, што ў яго ёсьць сын- вайсковец УСУ. У 2023 годзе падазраваны даведаўся, што яго сын зьнік на бахмуцкім кірунку. Тады, паводле яго слоў, ён пачаў маніторыць расейскія сацыяльныя сеткі, каб знайсьці больш інфармацыі пра лёс сына. Пазьней ён усталяваў зносіны з прадстаўнікамі РФ, якія нібыта далі яму інфармацыю пра тое, што яго сын памёр.

Падазраваны паведаміў сваім кантактам у Расеі, што жыве ў Львове, і расказаў ім пра Андрэя Парубія, якога нібыта «неаднаразова бачыў».

Акрамя таго, працягваючы зносіны з прадстаўнікамі РФ, ён пачаў рыхтавацца да забойства: здабыў зброю, набыў рыштунак — ровар і шлем, а таксама па падробленых дакумэнтах купіў аўтамабіль, на якім і ехаў за палітыкам.

Раней «5 канал» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што расейскія спэцслужбы «шантажавалі падазраванага інфармацыяй пра месцазнаходжаньне цела яго сына, вайскоўца Ўзброеных сілаў Украіны».

Журналісты выданьня «Высокі замак» са спасылкай на свае крыніцы таксама паведамілі, што «расейцы, скарыстаўшыся трагедыяй бацькі, заявілі яму, што аддадуць цела яго сына за забойства любога вядомага ўкраінскага палітыка».

Андрэй Парубій — палітык, народны дэпутат і сьпікер Вярхоўнай Рады з 2016 па 2019 год, быў застрэлены ў Львове 30 жніўня.

Супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ), Нацыянальнай паліцыі і Генэральнай пракуратуры лічаць, што «да арганізацыі забойства Андрэя Парубія маглі быць датычныя расейскія спэцслужбы», гаворыцца ў заяве СБУ ад 1 верасьня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG