Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія і польскія журналісты заклікалі Наўроцкага падняць тэму палітзьняволеных калегаў на сустрэчы з Трампам


Караль Наўроцкі
Караль Наўроцкі

Прадстаўнікі беларускіх і польскіх мэдыя зьвярнуліся да новага прэзыдэнта Польшчы перад ягоным візытам у ЗША з просьбай падняць тэму вызваленьня Анджэя Пачобута і 11 журналістаў тэлеканалу «Белсат», якія застаюцца за кратамі ў Беларусі.

Ліст на адрас Караля Наўроцкага ад імя беларускіх і польскіх журналістаў накіравала 1 верасьня галоўная рэдактарка «Белсат TV» Аліна Коўшык.

У лісьце, сярод іншага, напісана:

«Просім вас падчас будучай размовы з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Дональдам Трампам падняць пытаньне аб вызваленьні Анджэя Пачобута і адзінаццаці журналістаў тэлеканалу „Белсат“, якія дагэтуль застаюцца ў зьняволеньні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».

У лісьце адзначаюць, што апісаная сытуацыя — ня толькі асабістая і сямейная трагедыя зьняволеных, але і ўдар па падмурках дэмакратыі, якія Польшча як сусед і сябра свабоднай Беларусі мае маральны абавязак падтрымліваць. Супольны голас Польшчы і Злучаных Штатаў у гэтай справе мог бы стаць важным жэстам салідарнасьці і падтрымкі, так неабходнай сёньня беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Подпісы пад лістом паставілі вядомыя журналісты беларускіх і польскіх СМІ: галоўная рэдактарка Belsat TV Аліна Коўшык, галоўны рэдактар парталу Belsat.pl Міхал Кацэвіч, журналістка Kanał Zero Арлета Бойке, галоўны рэдактар тэлеканалу wPolsce24 Яцэк Карноўскі, галоўны рэдактар Krytyki Politycznej Славомір Серакоўскі, былая дырэктарка Belsat TV Агнешка Рамашэўская, галоўны рэдактар выданьня «Новы час» Сяргей Пульша, галоўны рэдактар парталу BGmedia Віктар Марчук, намесьнік дырэктара Polskiego Radia dla Zagranicy Пётр Пагажэльскі, журналістка Kanał Zero Яана Пінкварт, галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, журналістка TOK FM Агнешка Ліхнеровіч, сузаснавальнік Buro Media Аляксандар Ярашэвіч, дырэктарка парталу «Наша Ніва» Настасься Роўда, журналістка Kanał Zero Марыя Стэпан, заснавальнік «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру» Станіслаў Івашкевіч.

Сьпіс падпісантаў расьце.

Афіцыйная сустрэча польскага прэзыдэнта Караля Наўроцкага з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам мае адбыцца ў Белым доме 3 верасьня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG