Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў забойстве ўкраінскага экс-сьпікера Парубія назваў матыў сваіх дзеяньняў і адпрэчыў ранейшую інфармацыю ў СМІ


Паліцыя на месцы забойства Андрэя Парубія ў Львове, 30 жніўня 2025
Паліцыя на месцы забойства Андрэя Парубія ў Львове, 30 жніўня 2025

2 верасьня Галіцкі суд Львова правёў пасяджэньне па абраньні меры стрыманьня падазраванаму ў забойстве народнага дэпутата, былога старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэя Парубія.

Як паведамляе карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода, суд вырашыў зьмясьціць яго пад варту бяз права ўнясеньня закладу да 30 кастрычніка. Падазраваным у судзе быў абвешчаны 52-гадовы Міхаіл Сьцельнікаў, ураджэнец Львова, халасты. Іншай інфармацыі няма.

Сьцельнікаў пагутарыў з журналістамі перад пачаткам пасяджэньня і прызнаў сябе вінаватым у забойстве. Матывам сваіх дзеяньняў ён назваў «асабістую помсту ўкраінскім уладам».

Пры гэтым падазраваны назваў непраўдзівай інфармацыю пра тое, што яго шантажавалі расейскія спэцслужбы.

Крыніцы ўкраінскай службы Радыё Свабода ў праваахоўных органах Украіны паведамлялі, што падчас першых допытаў падазраваны распавёў пра свае кантакты з расейскімі прадстаўнікамі, заявіўшы, што зьвязваўся з імі, спрабуючы знайсьці свайго сына, вайскоўца Ўзброеных сіл Украіны, які зьнік бязь вестак.

Паводле цяперашніх словаў падазраванага, ён хоча хуткага вэрдыкту па сваёй справе, каб яго маглі абмяняць на ўкраінскіх ваеннапалонных у Расеі і каб ён мог шукаць там цела сына.

Акрамя таго, падазраваны заявіў, што абраў Андрэя Парубія для забойства, бо той «знаходзіўся побач».

Раней СМІ са спасылкай на крыніцы ў спэцслужбах сьцьвярджалі, што расейскія спэцслужбы прымусілі падазраванага супрацоўнічаць зь імі праз шантаж, абяцаючы паведаміць яму, дзе знаходзіцца цела загінулага сына.

На брыфінгу 1 верасьня праваахоўныя органы паведамілі, што сьледзтва не выключае ніводнай з вэрсій у справе пра забойства Парубія, але вэрсія расейскага сьледу лічыцца прыярытэтнай.

Андрэй Парубій, народны дэпутат Украіны ад партыі «Эўрапейская салідарнасьць», які ўзначальваў Вярхоўную Раду ў 2016-2019 гадах, быў застрэлены ў Львове 30 жніўня. У ноч на 1 верасьня стала вядома пра затрыманьне падазраванага ў забойстве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG