У той жа час, як можна меркаваць з апублікаваных фота, у Пэкіне сустрэча была толькі з Уладзімірам Пуціным, яна адбылася 2 верасьня.
Перад гэтым, 31 жніўня, Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з старшынём КНР Сі Дзіньпінам як арганізатарам саміту ШАС.
Зь іншымі кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў Лукашэнка гутарыў у кулюарах захадаў у Пэкіне і раней у Т’яньдзіні.
«Працуем на ўсіх франтах, Вы ведаеце, і будзем працаваць. Мы, калі прэзыдэнт ЗША патэлефанаваў, абмяркоўвалі гэтую праблему. Я яму сказаў: „Мы — адна краіна. У прынцыпе, Расея ў адзіночку ваюе. Мы як можам падтрымліваем і будзем падтрымліваць“. Публічна аб гэтым кажу», — працытавала выказваньне Лукашэнкі на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Лукашэнка паабяцаў Пуціну «быць разам да канца». «А хто мае рацыю, хто вінаваты — час пакажа. Яшчэ дзякаваць будуць шмат хто, асабліва ў Эўропе, што зноў у гэты складаны час нам даводзіцца спыняць нацызм, які мог перарасьці ў фашызм. Таму, Уладзімір Уладзіміравіч, будзем разам да канца сваю ролю і функцыю выконваць», — дадаў Лукашэнка.
У кулюарах Лукашэнка пагутарыў з лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Telegram-канал «Пул первого» сьцьвярджае, што кіраўнік КНДР запрасіў Лукашэнку наведаць гэтую краіну «ў які-хаця зручны час». Сёлета ў студзені сам Лукашэнка заяўляў, што мае прапановы «каля пяці дзяржаваў, уключаючы Пакістан, Інданэзію і КНДР», аб арганізацыі сустрэчаў на найвышэйшым узроўні для абмеркаваньня супрацы. Тады гэтую інфармацыю зьняпраўдзіла Кім Ё Чжон, малодшая сястра паўночнакарэйскага кіраўніка Кім Чэн Ына.
«Я добра ведаю, што беларускі бок цягам прынамсі двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР», — працытавала яе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.
«Калі вы спадзеяцеся на разьвіцьцё адносінаў супрацы з намі, важна дакладна заявіць пра свае намеры. Я лічу, што такая праўдзівасьць і сумленнасьць павінны стаць зыходным пунктам у двухбаковых адносінах паміж краінамі. Калі Беларусь зыходзіць з гэтай пазыцыі і імкнецца разьвіваць з намі адносіны дружбы і супрацы, у нас няма падставаў адмаўляцца і мы з радасьцю гэта вітаем», — заявіла сястра паўночнакарэйскага кіраўніка.
Telegram-канал «Пул первого» таксама сьцьвярджае, што прэм’ер Славаччыны Робэрт Фіца, зь якім Лукашэнка таксама гутарыў у кулюарах, папрасіў яго «вызначыць час для наведваньня Беларусі для абмеркаваньня магчымых варыянтаў супрацы».
Яшчэ адну прапанову аб візыце зрабіў Лукашэнку, як сьцьвярджае набліжаны да яго прэсавай службы Telegram-канал, выказаў прэзыдэнт Інданэзіі Прабова Субіянта. Сёлета ў ліпені ён зь нечаканым візытам наведваў Беларусь і патлумачыў яго перамовамі аб угнаеньнях. Заходняя прэса пісала, што ён прыяжджаў у Беларусь абмеркаваць набыцьцё вайсковай тэхнікі й зброі.
«Сустрэчай добрых сяброў і партнэраў» назвалі гутарку Лукашэнкі з прэзыдэнтамі Зымбабвэ і Конга.
Прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва сёлета ў траўні трэці раз наведаў Беларусь. Перад гэтым ён быў у 2015-м (тады меўшы статус віцэ-прэзыдэнта) і ў 2019 гадах. Лукашэнка наведаў Зымбабвэ ў 2023 годзе. Аднак гэтыя кантакты не далі вялікага плёну. Гандаль Беларусі з Зымбабвэ апошнімі гадамі вагаўся ў межах $20–30 мільёнаў у год.
За адносіны Беларусі і Зымбабвэ адказваюць даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман і цяпер ужо і ягоны сын Сяргей. А таксама бізнэсовец Аляксандар Зінгман, ганаровы консул Зымбабвэ ў Беларусі. У 2022 годзе ў Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію Zim GoldFields, зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золата без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. То бок двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.
Сьцьвярджаюць, што Эмэрсан Мнангагва падзякаваў Лукашэнку за захаваньне харчовай бясьпекі ў рэгіёне.
Форум