У аэрапорце Вільні пэўны час ня мог прызямліцца самалёт Spartan, на борце якога быў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, магчыма, празь бесьпілётнік.
«Пры набліжэньні да Віленскага аэрапорту прыйшла інфармацыя, што выяўлены бесьпілётнік і пасадка пакуль небясьпечная. Пілёты ўжылі ўсе захады бясьпекі і празь нейкі час выканалі пасадку», — паведаміў Томас Бяржынскас, прэсавы сакратар Гітанаса Наўседы, літоўскаму парталу 15min.
Паводле плятформы Flightradar24, самалёт вылецеў з Хэльсынкі 2 верасьня а 19:10, а прызямліўся а 21:17.
У кампаніі Oro navigacija ўдакладнілі, што паведамленьне аб дроне над раёнам Лепкальніс (Ліпоўка) атрымалі ад службы авіяцыйнай бясьпекі АТ Lietuvos oro uostai (Аэрапарты Літвы).
«Потым актывавалі працэдуры бясьпекі: палёты ненадоўга спынілі, а пасьля атрыманьня інфармацыі аб браку пагрозы рух аднавіўся. Мы разам зь іншымі службамі высьвятляем, які менавіта дрон парушыў рух самалёта», — адзначаецца ў камэнтары кампаніі.
У канцы жніўня ў аэрапорце Вільні ўжо часова прыпынялі палёты праз дрон. Тады была інфармацыя, што дрон належаў прыватнай ахоўнай кампаніі Ekskomisarų biuras, аднак яе кіраўнік Вітаўтас Лабяцкас гэта зьняпраўдзіў.
Форум