Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень шклоўскай калёніі распавёў, як там паміралі зьняволеныя, якім не аказвалі мэдычную дапамогу


Скрыншот з відэа, якое апублікаваў Сьледчы камітэт. Вітольд Ашурак у камэры незадоўга да сьмерці. 25 траўня 2021
Скрыншот з відэа, якое апублікаваў Сьледчы камітэт. Вітольд Ашурак у камэры незадоўга да сьмерці. 25 траўня 2021

У шклоўскай калёніі памёр актывіст зь Ліды, палітвязень Вітольд Ашурак.

Былы палітвязень Мікіта Літвіненка распавёў праваабаронцам «Вясны» пра тое, якім зьдзекі зьведаў падчас сьледзтва і падчас знаходжаньня ў шклоўскай калёніі, дзе ён адбываў тэрмін у 5 гадоў зьняволеньня.

Незадоўга да ягонага пераводу ў ПК-17 памёр актывіст зь Ліды, палітвязень Вітольд Ашурак. У ШЫЗА шклоўскай калёніі Літвіненку давялося сядзець у тых жа ўмовах, зьведаць падобнае абыходжаньне. Паводле Мікіты Літвіненкі за час ягонага знаходжаньня ў калёніі працягвалі паміраць вязьні, як ён мяркуе, у тым ліку з прычыны недастатковай мэдычнай дапамогі.

«Я трапіў у калёнію праз вельмі кароткі прамежак часу пасьля сьмерці Вітольда. Але там і пры мне паміралі людзі, чалавек, напэўна, пяць. З майго атраду памерла тры чалавекі проста таму, што ім не аказвалі дапамогу. Зразумела, што людзі былі не здаровага ладу жыцьця, але пры жаданьні ім можна было дапамагчы. Гэта значыць памералі ціск, далі пігулак і адпусьцілі. І так адбывалася некалькі разоў. Потым чалавек схадзіў у лазьню, памыўся, мабыць, ціск падняўся. Прыйшоў у мэдчастку, сказаў, што яму дрэнна, яго адправілі ў атрад, дзе ён памёр», — распавёў Мікіта Літвіненка.

Былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка са свайго досьведу ў інтэрвію Свабодзе пацьвердзіў высновы, якія зрабіў адносна турэмнай мэдыцыны ў ПК-17 Мікіта Літвіненка.

«Я адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі, але перакананы, што ў нас былі прыблізна тыя ж парадкі, што і ў шклоўскай калёніі, бо гэта адна сыстэма. За маю бытнасьць у калёніі таксама памерлі тры вязьні і адзін зь іх дакладна пры абставінах, калі балы магчымасьць дапамагчы чалавеку, але ёй не скарысталіся», — згадаў Леанід Судаленка.

Праваабаронца Судаленка знаходзіўся ў Віцебскай калёніі № 3 паўтара года — са студзеня 2022 году па ліпень 2023 году. Судаленка мае хранічнае захворваньне — цукроўку. Як кажа былы палітвязень, з лекаваньнем у яго ўвесь час былі праблемы.

«Спачатку больш за месяц мне не выдавалі мае лекі. Потым увялі новае абмежаваньне — выдавалі толькі лекі беларускай вытворчасьці, якія значна горшыя. Таксама не дазвалялі перадаваць вітаміны з карыснымі дабаўкамі. Быў выпадак, калі вярнулі жонцы пакунак з вітамінамі з пазнакай, што я нібыта ад іх адмовіўся, хаця пра яго мне не было вядома», — згадаў свой турэмны досьвед Леанід Судаленка.

Прафэсійны ўзровень лекараў, якія яго лячылі, былы вязень «Віцьбы-3» лічыць нізкім.

«Такі прыклад: мне кожныя тры гадзіны трэба нешта зьесьці — пры маім дыябэце такое неабходна — таму як іду на «промку», абавязкова нешта вазьму: яблык ці што. Але паводле правілаў ежу праносіць нельга, таму, калі знаходзілі падчас праверкі, дык забіраюць той яблык і выкідаюць. Я расказваю пра гэта лекару, а ён мне: вы ж заўсёды можаце там папіць гарбаткі... Ну якая гарбатка на «промцы», няўжо ён ня ведае? Проста пляваць ім было на наша здароўе!» — дагэтуль абураецца Леанід Судаленка ўзроўнем мэдычнай дапамогі ў беларускіх турмах.

У канцы траўня 2025 году стала вядома, што ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове ва ўзросьце 61 году памёр бізнэсмэн Валянцін Штэрмер. Яго асудзілі за крытычныя выказваньні аб ваенным уварваньні Расеі ва Ўкраіну. Нягледзячы на цяжкі стан яго здароўя, адміністрацыя папраўчай установы жорстка абыходзілася зь ім і адмаўляла ў належнай мэдычнай дапамозе.

У траўні 2021 году, у той жа калёніі пры падазроных абставінах ва ўзросьце 50 гадоў памёр Вітольд Ашурак, апазыцыйны актывіст, сябра партыі «Беларускі народны фронт». Ашурак памёр неўзабаве пасьля пераводу ў калёнію і зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Актывіст быў асуджаны за «парушэньне грамадзкага парадку».

У ліпені 2023 году ў шпіталі хуткай дапамогі ў Горадні пасьля этапаваньня з івэцэвіцкай калёніі памёр палітвязень, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве выказалі меркаваньне, што Алесю Пушкіну, у якога здарыўся прыступ язвы, не была аказаная своечасовая мэдычная дапамога.

«Мы канстатуем, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў, каб права на жыцьцё ў належнай ступені абаранялася законам і забясьпечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедый», — заявілі з нагоды сьмерці мастака беларускія праваабаронцы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG