Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падасьць «Кааліцыя ахвочых» плян бясьпекі для Ўкраіны праз шэсьць месяцаў працы?


Францыя праводзіць саміт «Кааліцыі ахвочых» у падтрымку Ўкраіны
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітае прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Парыж, 4 верасьня 2025
Францыя праводзіць саміт «Кааліцыі ахвочых» у падтрымку Ўкраіны Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітае прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Парыж, 4 верасьня 2025

Прынагодны альянс пераважна эўрапейскіх краін, вядомы як «Кааліцыя ахвочых», які абавязаўся распрацаваць жыцьцяздольны плян бясьпекі для пасьляваеннай Украіны, праводзіў сустрэчы цягам некалькі месяцаў, але выразных вынікаў амаль не было.

Але некаторыя афіцыйныя асобы лічаць, што сытуацыя зьменіцца на сустрэчы групы 4 верасьня. Аналіз карэспандэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэя Фурлонга.

Сьцісла:

  • Кааліцыя пад кіраўніцтвам Эўропы, якая назвалася «Кааліцыяй ахвочых», абмяркоўвае гарантыі бясьпекі для Ўкраіны пасьля вайны, а кіраўнік NATO Марк Рутэ падае знакі, што неўзабаве сытуацыя праясьніцца.
  • Прэзыдэнт ЗША Трамп выказаў гатоўнасьць падтрымаць Украіну, прапанаваўшы гарантыі, падобныя да тых, што дае NATO, але дэталі гэтай прапановы застаюцца няяснымі.
  • Намаганьні ўмацоўваць Узброеныя сілы Ўкраіны, пры гэтым унікнуўшы залежнасьці ад замежных войскаў, робяцца прывабнымі для эўрапейскіх лідэраў.

Яе яшчэ кпліва называюць «Кааліцыяй пачакуноў»

Прынагодна створаны альянс пераважна эўрапейскіх краін, вядомы як «Кааліцыя ахвочых», які абяцаў забясьпечыць жыцьцяздольны плян пасьляваеннай бясьпекі для Ўкраіны, праводзіў сустрэчы цягам некалькі месяцаў, але выразных вынікаў амаль не было. Але некаторыя прадстаўнікі кааліцыі лічаць, што гэта зьменіцца на сустрэчы групы ў Парыжы 4 верасьня.

«Я чакаю, што заўтра ці неўзабаве будзе яснасьць наконт таго, што мы можам дасягнуць разам», — заявіў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ журналістам у Брусэлі 3 верасьня.

Яго камэнтары выклікалі спадзевы наконт апошніх перамоваў, асабліва пасьля нядаўніх заяваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які намякнуў, што Вашынгтон будзе гатовы ўдзельнічаць у запэўненьні пасляваеннай бясьпекі Ўкраіны.

Тым ня менш у Трампавых камэнтарах не было дэталяў — як і ў большасьці публічных заяваў, зробленых пасьля сустрэчаў «Кааліцыі ахвочых» з таго часу, як брытанскі прэм’ер-міністар Кір Стармэр абвясьціў аб яе стварэньні ў Лёндане ў сакавіку.

Гэты пастаянны брак інфармацыі ахаладзіў пэўныя спадзевы.

«Ціхі-ціхі» працэс

«Я не чакаю яснасьці», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Джон Форман, былы брытанскі вайсковы аташэ, які ўдзельнічаў у некаторых пачатковых сустрэчах кааліцыі.

«Я не чакаю гучнай заявы (пакуль што ўсё адбываецца ў цішыні), але для розных лідэраў будзе важна дакладна зразумець, што прапануецца і які стан справаў», — дадаў ён.

Акрамя рэгулярных сустрэчаў з кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў, кааліцыя правяла чараду сэсіяў дэталёвага плянаваньня з высокапастаўленымі вайскоўцамі, на якіх абмяркоўваліся плюсы і мінусы магчымага разгортваньня войскаў ва Ўкраіне.

З самага пачатку меркавалася, што эўрапейцы возьмуць на сябе чарнавую працу: Вялікая Брытанія і Францыя, а потым і іншыя краіны, абяцалі разьмясьціць нявызначаную колькасьць жывой сілы на тэрыторыі Ўкраіны. Але вырашальным фактарам заўсёды было тое, што гэта магло адбыцца толькі пры падтрымцы ЗША ў лягістыцы, паветраных сілах і выведцы.

Вашынгтон да нядаўняга часу не выяўляў ніякіх прыкметаў гатоўнасьці дапамагчы.


Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ

3 верасьня Марк Рутэ заявіў, што «вялікі прарыў» адбыўся тры тыдні таму ў тэлефоннай размове напярэдадні сустрэчы Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на Алясцы. Выступаючы перад кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і іншымі, Трамп «абвясьціў, што хоча ўдзельнічаць, быць часткай гэтых гарантыяў бясьпекі», — сказаў Рутэ.

Праз тры дні пасьля перамоваў на Алясцы Трамп публічна заявіў пра гэта на сустрэчы ў Белым доме з Рутэ, прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і эўрапейскімі лідэрамі.

Трамп заявіў, што эўрапейскія краіны забясьпечаць «першую лінію абароны», але ЗША «будуць залучаныя». Яго пасланьнік Стыў Віткаф казаў пра гарантыі, «падобныя на пяты артыкул», спасылаючыся без дэталяў на пункт Паўночнаатлянтычнай дамовы аб узаемнай абароне.

«Набярыце прэзыдэнта ЗША»

Ці зьявіцца дэталізацыя гэтых заяваў, можа залежаць ад таго, ці далучыцца Трамп да парыскай сустрэчы, як і многія ўдзельнікі, празь відэасувязь. Прадстаўнік ураду Нямеччыны заявіў на брыфінгу ў Бэрліне 3 верасьня, што «ідуць абмеркаваньні, ці пазваніць прэзыдэнту ЗША». Пазьней Элізэйскі палац паведаміў, што званок заплянаваны на другую палову дня, пасьля ранішніх перамоваў.

Уладзімір Зяленскі, які будзе на перамовах у Парыжы, сказаў:

«Мы таксама маем сыгналы ад Злучаных Штатаў, што яны забясьпечаць падтрымку».

Нават пры ўзгадненьні дэталяў плян гарантыяў бясьпекі ўсё яшчэ сутыкаецца з многімі перашкодамі.

Плянавальнікі разважаюць, што рабіць пасьля спыненьня агню ці заключэньня мірнага пагадненьня. Напярэдадні парыскага саміту Расея спрабавала не дапусьціць нават думкі аб прыбыцьці эўрапейскіх войскаў у якасьці міратворчых сілаў.

«Ідэі кіеўскага лідэра, якія папраўдзе ёсьць поўнай копіяй ініцыятываў эўрапейскіх спонсараў, абсалютна непрымальныя, — заявіла прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава.— Расея не зьбіраецца абмяркоўваць... замежнае ўмяшаньне ва Ўкраіне ні ў якой форме, ні ў якім фармаце», — дадала яна, выступаючы на эканамічным форуме на Далёкім Усходзе Расеі.

Наступным крокам у дыпляматычным працэсе пад кіраўніцтвам Трампа мела стаць сустрэча паміж Зяленскім і Пуціным. Намаганьні ажыцьцявіць яе пасьлядоўна спыняла Масква. У сваіх апошніх камэнтарах 3 верасьня Пуцін назваў сустрэчу зь Зяленскім «шляхам у нікуды». Ён заявіў аб магчымасьці сустрэчы ў Маскве.

Але гэтае месца сустрэчы абсалютна непрымальнае для Зяленскага з увагі на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Зяленскі прапанаваў нэўтральныя пляцоўкі, такія як Турэччына. Ён таксама заклікаў ціснуць на Пуціна, каб прымусіць яго да сустрэчы, у тым ліку ўводзячы больш санкцыяў.

«Заўтра мы паспрабуем зьвязацца з прэзыдэнтам Трампам і пагаворым пра гэта», — сказаў ён падчас візыту ў Данію напярэдадні парыскіх перамоваў.

Рутэ наўпрост увязаў сустрэчу Пуціна і Зяленскага і гарантыі бясьпекі:

«Калі пачнуцца двухбаковыя ці трохбаковыя сустрэчы з расейцамі, асабліва паміж Зяленскім і Пуціным, то, відавочна, вельмі важна мець яснасьць што да гарантыяў бясьпекі», — сказаў ён.

«Сталёвы дзікабраз»

Але гэта тычыцца не толькі разгортваньня эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіне. Яшчэ адзін элемэнт плянаў, якія цяпер распрацоўваюцца, — гэта намаганьні мацаваць уласную вайсковую моц Украіны.

Джон Форман, які быў вайсковым аташэ Вялікай Брытаніі ў Маскве, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе, выказаў здагадку, што ў гэтай галіне можна дасягнуць большага прагрэсу.

«Расьце разуменьне таго, што ўсякі трывалы мір запатрабуе моцнай Украіны і ўкраінскай арміі, што эўрапейская падтрымка павінна быць доўгатэрміновай і што Ўкраіна, падобна, ня можа разьлічваць на сваіх саюзьнікаў, якія прыйдуць ёй на дапамогу, каб пакараць Расею ў выпадку яе паўторнага нападу», — сказаў ён.

Эўрапейскія лідэры таксама актыўна прапагандавалі пастаянную вайсковую падтрымку Кіева. Фон дэр Ляен нядаўна заявіла, што Ўкраіна можа стаць «сталёвым дзікабразам», непрыступным для будучых захопнікаў. Гэты падыход мае тую перавагу, што ён палітычна менш складаны, бо дазваляе ўнікнуць рызыкі патрапляньня эўрапейскіх войскаў пад агонь. Таму ён можа стаць прымальным канчатковым вынікам для многіх чальцоў «Кааліцыі ахвочых».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG