Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму разьвіцьцё адносін з Кітаем — нацыянальны інтарэс Беларусі? Адказвае былы дыплямат Павал Мацукевіч


Удзельнікі саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Т’яньдзінь, КНР, 1 верасьня 2025
Удзельнікі саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Т’яньдзінь, КНР, 1 верасьня 2025

Удзел Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) умацоўвае суб’ектнасьць і сувэрэнітэт краіны, збалянсоўвае ўплыў Расеі, мяркуе былы дыплямат, аналітык Цэнтру новых ідэяў Павал Мацукевіч.

Сьцісла

  • Лукашэнку прымалі на саміце ШАС як кіраўніка сувэрэннай дзяржавы, а не як марыянэтку Крамля.
  • ШАС усё больш эвалюцыянуе ў бок стварэньня сусьветнага антызаходняга альянсу.
  • Лукашэнка можа быць дадатковымі вачыма і вушамі Сі Дзіньпіна ў Крамлі.
  • 98% сухаземнага транзыту ў гандлі Кітая з Эўропай ідзе празь Беларусь.
  • Кітайскі фактар дапамагае ўмацоўваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі нават апасродкавана.


— Якія галоўныя вынікі Т’яньдзіньскага саміту ШАС? Якія зь іх важныя для Беларусі і для Лукашэнкі?

Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч

— Гэта важны саміт, які ў кожным разе сьведчыць аб прызнаньні міжнароднай субʼектнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Бо кіраўніка Беларусі, а сёньня гэта Аляксандар Лукашэнка, прымаюць на гэтым саміце як сувэрэннага кіраўніка дзяржавы, а ня як марыянэтку ці сатэліта Крамля. Пра гэта, на мой погляд, красамоўна сьведчаць яго сустрэчы ў Кітаі: са старшынём КНР Сі Дзіньпінам і з прэмʼер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі. Апошняя была кулюарнага тыпу. Але ў сваім акаўнце ў Х індыйскі лідэр гэтую сустрэчу з Лукашэнкам адзначыў.

— Пасьля прыходу да ўлады ў ЗША Трампа антызаходняя накіраванасьць ШАС узмацнілася ці аслабла? З аднаго боку, Захад цяпер не адзіны. Зь іншага — цяпер ЗША ажыцьцяўляюць сваю ролю ў сьвеце больш жорстка, чым раней — я маю на ўвазе тарыфную палітыку Трампа. ШАС — гэта антызаходні полюс сьвету?

— Ну, прынамсі, можна сказаць, што арганізацыя дрэйфуе ў бок імкненьня стаць альтэрнатывай Захаду. І гэта падкрэсьліваюць лідэры ключавых краін, якія ўваходзяць у ШАС. Старшыня КНР Сі Дзіньпін у сваім выступленьні на саміце менавіта так пазыцыянаваў пляцоўку. Ён вылучыў пакуль не да канца зразумелую ідэю новага глябальнага кіраваньня.

Тое, што ШАС усё больш эвалюцыянуе ў бок стварэньня сусьветнага антызаходняга альянсу — гэта вынік у тым ліку і не зусім дальнабачнай палітыкі заходніх краін і, у прыватнасьці, тарыфнай палітыкі Дональда Трампа. Хаця я думаю, што гэта яшчэ не фінал. Ён чалавек, які можа кардынальна мяняць свае погляды і падыходы. Думаю, пераканаўшыся ў тым, што пэўныя падыходы прыводзяць не да тых вынікаў, на якія ён разьлічваў, Трамп можа ад іх адмовіцца.

— Ці эвалюцыянуе ШАС у напрамку стварэньня NATO-2 або Эўразьвязу-2? Ці сувязі ўнутры ШАС значна менш шчыльныя, чым у гэтых арганізацыях? Калі менш, дык чаму? Гэта не патрэбна Кітаю ці не патрэбна ўсім астатнім чальцам арганізацыі?

— Я думаю, што да нядаўняга часу гэта было ня вельмі патрэбна ўсім. А ў апошнія гады раптам спатрэбілася. Гэта значыць, што ШАС цалкам можа ператварыцца ў нейкі гібрыд NATO і АБСЭ, асабліва калі арганізацыя сапраўды будзе трансфармавацца ў нейкую альтэрнатыву існаму сусьветнаму парадку. Проста гэта зойме больш часу, чым заняло ў ЭЗ і NATO.

Яшчэ адна прычына, зь якой не атрымліваецца стварыць з ШАС шчыльны саюз — гэта супярэчнасьці паміж чальцамі арганізацыі, ажно да адкрытых узброеных канфліктаў. Але зь іншага боку, Нямеччына і Францыя, Францыя і Вялікая Брытанія ўсю сваю гісторыю таксама ваявалі і канфліктавалі.

— Грэцыя і Турэччына канфліктавалі наконт Кіпру, будучы чальцамі NATO.

— Менавіта так. Але і сытуацыя, і амэрыканскія грошы — плян Маршала — зрабілі Эўропу такой, якой яна ёсьць цяпер, Заходнюю Эўропу, прынамсі. Кітайскія грошы могуць зрабіць тое ж самае і з ШАС. У арганізацыі ёсьць цікавы працяг у выглядзе глябальнага кітайскага праекту «Адзін пояс, адзін шлях», у якім удзельнічае пераважная большасьць краін сьвету, і гэты праект не абмяжоўваецца толькі Эўразіяй, ён закранае і Лацінскую Амэрыку, і Афрыку.

Што яшчэ падахвочвае мяне сурʼёзна ўспрымаць І ШАС і BRICS — гэта чарга з краінаў, якім раптам сталі цікавыя гэтыя праекты. Зусім розныя краіны, прычым злучаныя ў тым ліку і супрацоўніцтвам з заходнім сьветам, напрыклад, Турэччына, выяўляюць непадробную цікавасьць да ўдзелу ў працы гэтых абʼяднаньняў. У прыватнасьці, прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган браў удзел у цяперашнім саміце «ШАС плюс».

— На сёлетнім саміце было абвешчана аб стварэньні банку разьвіцьця ШАС. Насамрэч гэтая ідэя абмяркоўваецца ўжо шмат гадоў, ШАС не ўчора была створаная. Якія шанцы, што зараз яна будзе рэалізаваная? Так бы мовіць, плян Маршала па-кітайску. Кітаіст Тэмур Умараў у камэнтарыперад самітам казаў, што стварэньню банку разьвіцьця ШАС раней процідзейнічала Расея. А зараз ня будзе?

— Сытуацыя мяняецца. Ідэі, якія хтосьці ня быў гатовы прыняць, могуць стаць прымальнымі зараз. Расея знаходзіцца ў складаным міжнародным становішчы, яна залежыць як раз ад такіх краін, як Індыя і Кітай. І ў гэтых краінаў менавіта зараз зьяўляецца значна больш інструмэнтаў і аргумэнтаў пераканаць Расею ў мэтазгоднасьці прыняцьця той ці іншай ідэі. Ну, я думаю, што Расея сама шмат у чым перагледзела свае погляды. Мне здаецца, што Пуцін значна камфортней сябе адчуваў, маючы зносіны з лідэрамі заходніх краін. А зараз ён змушаны выбудоўваць больш шчыльныя адносіны з краінамі іншай часткі сьвету.

— Навошта Кітаю Беларусь — адзіная заведама эўрапейская краіна ў ШАС? Краіна вельмі далёкая ад Кітая геаграфічна, краіна вельмі залежная ад Расеі. Беларусь для Кітая — гэта транзыт, кітайскі фарпост у Эўропе? Гэта трэба Кітаю ці гэта трэба Лукашэнку, каб быць побач з вялікімі сьвету гэтага?

— Мяркую, што гэта ўзаемна. Інакш бы старшыня КНР не надаваў столькі асабістага часу Лукашэнку. Нядаўна ён прыняў яго «зь сямейным візытам». Прэцэдэнтаў такіх сустрэч з лідэрамі іншых краін няшмат. Сі надаў Лукашэнку шмат часу і цяпер, падчас цяперашняга яго візыту, хаця зразумела, што зараз з улікам усіх заплянаваных мерапрыемстваў у старшыні КНР відавочна дэфіцыт часу.

Што да матываў, то так — гэта ў тым ліку і транзыт. 98% сухапутнага транзыту ў гандлі Кітая з Эўропай ажыцьцяўляецца праз Беларусь, праз Берасьце. Летась гэта склала 30 млрд даляраў. І гэты маршрут захоўвае сваю актуальнасьць, нягледзячы ні на што. Важнасьць гэтага маршруту, я б сказаў, нават узрастае. Плюс Кітай атрымаў у ШАС дадатковы голас у сваю падтрымку. Пэкін падтрымліваў уступленьне Менску ў ШАС, таксама як і Расея. Кітай падтрымлівае ўступленьне Беларусі ў BRICS. Беларусь атрымала прамежкавы статус партнэра гэтай арганізацыі.

Я думаю, што Лукашэнка можа быць дадатковымі вачыма і вушамі Сі Дзіньпіна ў Крамлі праз тое, што беларускі лідэр столькі часу праводзіць у асабістых зносінах з Уладзімірам Пуціным. Беларусь — гэта важная частка эўрапейскай часткі праекту «Адзін пояс, адзін шлях». У Беларусі знаходзіцца кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі Камень», які самі кітайцы называюць самай буйной замежнай індустрыяльнай зонай Кітая. І гэтая індустрыяльная зона можа быць кропкай уваходу для кітайскіх тавараў на расейскі рынак.

— У якой ступені Кітай і сяброўства Беларусі ў ШАС збалянсоўваюць уплыў Расеі?

— Лічу, што кітайскі фактар дапамагае ўмацоўваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі нават апасродкавана. У той момант, калі лідэр КНР прымае Лукашэнку як лідэра сувэрэннай дзяржавы, гэта падштурхоўвае партнэраў Кітая глядзець на Беларусь гэтаксама. Я думаю, што ў Расеі на гэтым этапе няма алергіі на такую пазыцыю Кітая ў дачыненьні да Беларусі, таму што Расея і Кітай цяпер зьяўляюцца саюзьнікамі або, як мінімум, сытуацыйнымі партнэрамі.

Думаю, што Расея, у прынцыпе, ня супраць, каб нехта падзяліў цяжар фінансавай падтрымкі Беларусі. То бок, каб ня толькі Расея фінансавала Беларусь. Таму канфлікту тут няма, але кітайскі фактар вельмі садзейнічае гэтаму балянсаваньню. Таму што дзякуючы падтрымцы Кітая Беларусь стала чальцом ШАС. І гэта пашырыла для Лукашэнкі, прынамсі, магчымасьці міжнародных кантактаў. Вельмі складана было арганізаваць візыт прэмʼер-міністра Індыі ў Беларусь, ён дасюль не адбыўся. Але Лукашэнка атрымаў цяпер магчымасьць пагутарыць з прэмʼер-міністрам Індыі на пляцоўцы ШАС. І заслужыў твіт Модзі, у якім той кажа, што яны аднолькава з Лукашэнкам глядзяць на магчымасьці разьвіцьця стасункаў.

Як ні дзіўна, але цяперашняя цікавасьць амэрыканскага боку да Беларусі і асабіста да Лукашэнкі зьвязаная ня толькі зь яго асаблівымі кантактамі з Пуціным, але таксама і з асаблівымі адносінамі зь Кітаем і Іранам. Ён робіцца ўсё больш цікавым суразмоўцам для заходняга сьвету, які кантакты з гэтай часткай сьвету губляе.

— Ці будучай дэмакратычнай, свабоднай, можа быць нават празаходняй Беларусі будзе патрэбны Кітай? Ці будуць адносіны з КНР, напрацаваныя пры Лукашэнку, актывам для будучай Беларусі?

— Разьвіцьцё адносін з Кітаем зьяўляецца нацыянальным інтарэсам Беларусі незалежна ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе. І будзе вялікай памылкай не скарыстацца той спадчынай, якую стварыў у гэтым сэнсе Аляксандр Лукашэнка. Але я б тут адначасова зазначыў і тое, што адносіны з Кітаем пачалі разьвівацца не пры Лукашэнку, а да яго. Кітай быў адным з галоўных прыярытэтаў Беларусі пасьля набыцьця незалежнасьці. Дыпляматычныя адносіны былі ўсталяваныя ў 1992 годзе. І тагачасныя беларускія ўлады дамагліся, каб у тое пагадненьне быў унесены пункт, у якім Кітай абавязаўся садзейнічаць умацаваньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

— Вы ўжо адзначылі крыху загадкавую фразу Сі аб ініцыятыве стварэньня «раўнапраўнай сыстэмы глябальнага кіраваньня». Аб чым ідзе гаворка? Аб стварэньні ААН-2, ААН без Захаду? Або аб вяртаньні да біпалярнай сыстэмы, у якой полюсу Захаду на чале з ЗША будзе супрацьстаяць полюс ШАС на чале з Кітаем?

— Думаю, што такія краіны, як Кітай і Расея, якія ўваходзяць у Раду бясьпекі ААН, не гатовыя разьвітацца з гэтай арганізацыяй. Складана ўявіць які-небудзь іншы фармат, які б настолькі ўлічваў інтарэсы краін, якія зьяўляюцца сталымі чальцамі Рады бясьпекі ААН. На саміце ШАС прысутнічаў генэральны сакратар ААН. І мне здаецца, што з боку Сі было б ня вельмі ветліва гаварыць пра нейкую новую сыстэму міжнародных адносін, якая б не грунтавалася на ААН.

А што да вяртаньня да біпалярнага сьвету — час пакажа, ці адбудзецца гэта. Але полюс, які будуе Кітай з Расеяй і Індыяй, прэтэндуе на тое, каб ахапіць інтарэсы як мага большай колькасьці краін. Праект «Адзін пояс, адзін шлях» — глябальны, у ім удзельнічаюць больш за 170 дзяржаў. Гэта ў любым выпадку сурʼёзная прэтэнзія.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG