Апытаньне: 59% украінцаў выступаюць за спыненьне ваенных дзеяньняў і пошук кампрамісу, 20% — за простыя перамовы з РФ

Ілюстрацыйная выява

Сацыялягічная група «Рэйтынг» 31 жніўня апублікавала вынікі апытаньня грамадзкай думкі аб шляхах спыненьня вайны Расеі супраць Украіны, згодна зь якімі 59% украінцаў падтрымліваюць спыненьне ваенных дзеяньняў і пошук кампрамісу, 20% выступаюць за працяг вайны да вяртаньня акупаваных у 2014 годзе Данбасу і Крыму.

Пры гэтым 82% апытаных лічаць, што перамовы аб спыненьні вайны рэалістычныя, зь іх 62% выступаюць за пошук кампрамісу з удзелам іншых краін, 20% — за простыя перамовы з Расеяй.

75% рэспандэнтаў лічаць, што Украіна павінна пагадзіцца на спыненьне агню толькі пры міжнародных гарантыях бясьпекі.

Сярод ключавых гарантыяў бясьпекі ўкраінцы называюць: фінансаваньне арміі і пастаўкі зброі ад партнэраў (52%), абавязаньне саюзьнікаў уступіць у вайну ў выпадку паўторнага нападу (48%) і міжнароднае патруляваньне паветранай і морскай прасторы (44%). На пытаньне «Што самае галоўнае?» 58% выбралі гарантыі фінансаваньня заходнімі партнэрамі ўкраінскай арміі ў будучыні і пастаўкі зброі ў дастатковай колькасьці, а 31% — вяртаньне тэрыторыяў, — гаворыцца ў апытаньні.

У гэтым дасьледаваньні ўкраінцаў пыталі пра іх палітычныя перавагі. Паводле аўтараў апытаньня, узровень даверу да былога галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны, цяперашняга пасла Украіны ў Вялікай Брытаніі Валерыя Залужнага складае 74%, 68% давяраюць прэзыдэнту Уладзіміру Зяленскаму, 59% давяраюць кіраўніку Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Кірылу Буданаву.

Пры гэтым у выпадку правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ва Украіне больш рэспандэнтаў — 35% — гатовыя прагаласаваць за Зяленскага, 25% — за Залужнага.

На парлямэнцкіх выбарах 24% маглі б прагаласаваць за гіпатэтычную «партыю Залужнага», 20% — за блёк Зяленскага, 7% — за вядучую апазыцыйную парлямэнцкую партыю «Эўрапейская салідарнасьць», лідэрам якой застаецца экс-прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад верасьня падаражае праезд па трасах