Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Коўне на падпольнай тытунёвай фабрыцы затрымалі беларусаў


У верасьні 2023 году ў Літве затрымалі буйную партыю кантрабандавых беларускіх цыгарэт на 3,7 млн эўра.
У верасьні 2023 году ў Літве затрымалі буйную партыю кантрабандавых беларускіх цыгарэт на 3,7 млн эўра.

Пра затрыманьне на падпольнай тытунёвай фабрыцы ў Коўне 11 чалавек, у тым ліку грамадзян Беларусі, паведаміў 22 жніўня намесьнік начальніка Крымінальнага паліцэйскага бюро Літвы Саўлюс Брыгінас.

Зь ягоных словаў, піша LSM, прадпрыемства працавала каля году. Там выпускалі падробленыя цыгарэты такіх вядомых тытунёвых брэндаў, як Marlboro, Camel, Winston, Prince.

З словаў пракурора Ковенскай акруговай пракуратуры Андруса Кюршынаса, дасудовае расьсьледаваньне вядуць у чатырох артыкулах КК: арганізацыя і ўдзел у злачынным аб’яднаньні; незаконнае захоўваньне акцызных тавараў у асабліва буйным памеры; выкарыстаньне чужога таварнага знаку; выкраданьне дакумэнту.

«Усім падазраваным выбрана мера стрыманьня — зьмяшчэньне пад варту на тры месяцы», — сказаў пракурор.

Паводле праваахоўнікаў, затрыманыя за адну зьмену маглі вырабляць да 200 корабаў цыгарэт.

«Падчас ператрусаў і затрыманьняў сканфіскаваныя 32 палеты гатовай прадукцыі — каля 459 тыс. пачкаў цыгарэт», — гаворыцца ў публікацыі.

Усяго на фабрыцы выраблена каля 6,5 млн пачкаў цыгарэт, іх кошт сягае 30 млн эўра.

Паводле папярэдніх падлікаў, шкода літоўскай дзяржаве з прычыны нявыплаты акцызаў і ПДВ можа складаць 16 млн эўра.

Колькі менавіта грамадзян Беларусі было затрымана, не ўдакладняецца. Аднак праваахоўнікі адзначылі, што ўсе яны на радзіме працуюць на профільным прадпрыемстве.

20 жніўня паведамлялі, што ў аэрапорце Вільні 4 і 7 жніўня былі затрыманыя дзьве партыі кантрабандных цыгарэт, якія прыбылі ў літоўскую сталіцу з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Турэччыны.

1 сакавіка недалёка ад Коўна ў грузавым аўтамабілі знойдзена больш за 500 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт (коштам 2,3 млн эўра). Цыгарэты былі замаскаваныя пад груз папяровых ручнікоў, нібыта прызначаны для перавязеньня ў Заходнюю Эўропу.

Мытная служба Літвы раней паведамляла, што ў першым паўгодзьдзі 41% увезеных кантрабандных цыгарэт перахопленыя на мяжы зь Беларусьсю, а за аналягічны пэрыяд 2024-га гэты паказьнік складаў 49%.

Улады краіны зрабілі справаздачу, што за першую палову 2025 года ў Літве затрымана і канфіскавана больш за 805 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт, дастаўленых зь Беларусі паветраным шляхам.

У 2024 годзе і першай палове 2025-га распачата 20 дасудовых расьсьледаваньняў па фактах перавозу кантрабанды мэтэазондамі і дронамі.

«Агулам 34 асобам выстаўлены абвінавачаньні ў рамках дасудовага расьсьледаваньня такога кшталту. Яшчэ адным значным вынікам гэтага году сталі дзесяць крымінальных справаў, якія цяпер разглядаюцца або ўжо разгледжаныя ў судах», — адзначаў партал навінаў Delfi з спасылкай на літоўскую пракуратуру.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG