Нямеччына не чакае расейскага нападу на тэрыторыю NATO пад прыкрыцьцём вайсковых вучэньняў «Захад-2025», якія павінны пачацца праз два тыдні. Пра гэта заявіў начальнік Генштабу Нямеччыны Карстэн Броер.
«У нас няма ніякіх прыкметаў таго, што падрыхтоўка да нападу вядзецца пад прыкрыцьцём вучэньняў. Але мы будзем напагатове, ня толькі нямецкія войскі, але і NATO», — сказаў Броер журналістам, адзначае Reuters.
Таксама ён назваў лічбу меркаваных удзельнікаў вучэньняў. На думку нямецкага камандаваньня, на тэрыторыі Беларусі ў манэўрах возьмуць удзел 13 тысяч вайскоўцаў Беларусі і Расеі. Яшчэ 30 тысяч будуць задзейнічаныя на вучэньнях у Расеі.
12–16 верасьня пройдуць маштабныя беларуска-расійскія вучэньні «Захад-2025». Паведамлялася, што падчас вучэньняў будуць адпрацаваныя прымяненьне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
Раней Літоўская ваенная выведка апублікавала дадзеныя аб маючых адбыцца расейска-беларускіх вучэньнях «Захад», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 12 па 16 верасьня.
Начальнік Другога дэпартамэнта апэратыўных службаў Міндаўгас Мажонас паведаміў, што агульная колькасьць задзейнічаных у вучэньнях сіл складзе да 30 тысяч вайскоўцаў. Вучэньні ахопяць шырокі спектар задач — ад супрацьпаветранай абароны да абарончых баёў, адбіцьця парушальнікаў і падтрымкі тактычнай авіяцыі.
Мажонас падкрэсьліў, што верагоднасьць гібрыдных атак супраць Літвы падчас гэтых вучэньняў ацэньваецца як вельмі нізкая. Аднак поўнасьцю выключаць асобныя правакацыі нельга:
«Магчымыя такія інцыдэнты, як парушэньні паветранай прасторы, а таксама невялікая верагоднасьць кібэратак. Падобныя эпізоды характэрныя практычна для любых маштабных вучэньняў».
Форум