Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцыдэнт з самалётам старшыні Эўракамісіі ў Баўгарыі, Расею падазраюць у глушэньні навігацыйнай сыстэмы


Урзулю фон дэр Ляен у аэрапорце Плоўдзіва (Баўгарыя) сустракаў кіраўнік баўгарскага ўраду Росэн Жалязкаў, 31 жніўня 2025 году
Урзулю фон дэр Ляен у аэрапорце Плоўдзіва (Баўгарыя) сустракаў кіраўнік баўгарскага ўраду Росэн Жалязкаў, 31 жніўня 2025 году

Самалёт, на якім старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен накіроўвалася ў Баўгарыю 31 жніўня, імаверна, стаў аб’ектам наўмыснага ўмяшаньня Расеі ў навігацыйную сыстэму Баўгарыі.

Як паведаміла агенцтва DPA з спасылкай на прадстаўніцу Эўракамісіі, самалёт змог прызямліцца бясьпечна.

Перад гэтым брытанскае выданьне Financial Times апублікавала інфармацыю аб тым, што экіпаж пры пасадцы самалёта скарыстаўся папяровымі мапамі праз адсутнасьць GPS-навігацыі.

«Мы атрымалі інфармацыю ад баўгарскіх уладаў, што яны падазраюць, што гэтае відавочнае ўмяшаньне было зьдзейсьнена Расеяй. [...] Мы добра ведаем, што пагрозы і запалохваньне зьяўляюцца рэгулярным кампанэнтам варожых дзеяньняў Расе», — паведаміла ў камэнтары DPA прадстаўніца камісіі.

Паводле яе, гэты інцыдэнт яшчэ больш умацуе непахісную прыхільнасьць Эўропы нарошчваць свой абаронны патэнцыял і падтрымліваць Украіну.

Ва Ўпраўленьні грамадзянскай авіяцыі Баўгарыі паведамілі, што пры заходзе самалёту на пасадку ў аэрапорце Плоўдзіў зьнік спадарожнікавы сыгнал у навігацыйнай сыстэме. Каб гарантаваць бясьпеку палёту, Упраўленьне неадкладна прапанавала альтэрнатыўны падыход да пасадкі з выкарыстаньнем наземных навігацыйных сродкаў (сыстэма пасадкі па прыборах). Маршрут ня трэба было мяняць.

Агенцтва AP з спасылкай на прэсавую сакратарку Эўракамісіі Арыяну Падэста ўдакладніла, што самалёт бясьпечна прызямліўся, і Урсуля фон дэр Ляен прадоўжыла заплянаваны візыт па краінах Эўрапейскага Зьвязу, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю.

«Мы сапраўды можам пацьвердзіць, што было глушэньне GPS, але самалёт бясьпечна прызямліўся ў Баўгарыі», — сказала Арыяна Падэста.

Пасьля Баўгарыі 31 жніўня Урсуля фон дэр Ляен наведала Польшчу, а 1 верасьня знаходзіцца ў Літве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG