Паводле ўнутраных дакумэнтаў, атрыманых выданьнем «Люстэрка» праз BelPol, доля дзяржавы ў кампаніі вырасла да 77%.
Прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які ўцёк з краіны пасьля пратэстаў у 2010 годзе, атрымаў палітычны прытулак у Беларусі на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Бакіеў і яго сямʼя, у прыватнасьці сын Асылбек Саліеў, зьвязаныя зь фірмамі, якім раней належала большасьць акцыяў БНБК.
Аднак шляхам выпуску дадатковых акцыяў кантрольны пакет перайшоў да Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Беларусі.
Лукашэнка быў на адкрыцьці кампаніі і ня раз хваліў праект. Казаў, што такой вытворчасьцю валодаюць толькі чатыры краіны — і сярод іх Беларусь.
«Гэта больш чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта — цалкам новая вытворчасьць», — заявіў ён у 2020 годзе.
Нягледзячы на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе крэдытаў, ільготаў і асабістай увагі Лукашэнкі, кампанія не змагла дасягнуць заплянаваных абʼёмаў вытворчасьці. У 2024 годзе ў яе нават зьявіліся цяжкасьці з аплатай камунальных паслугаў.
У выніку ўрад быў вымушаны даваць новыя гарантыі на яе крэдыты.
Што вядома пра БНБК
Беларускую нацыянальную біятэхналягічную карпарацыю вытворчасьці камбікорму і прэміксаў заснавалі ў 2016 годзе, будаваць яе вытворчыя памяшканьні пачалі ў 2019 годзе ў Пухавіцкім раёне. Паведамлялі, што пад гэты праект кітайскі «Эксімбанк» вылучыў ільготны крэдыт на 620 млн даляраў.
БНБК — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Дзяржаве спачтку належала толькі 25% акцыяў кампаніі. Асноўнымі ўладальнікамі карпарацыі былі замежныя кампаніі: сярод іх дзьве кітайскія (гэта СITIC International Investments, якая выступіла генэральным падраднікам праекту, і COFCO Corporation), дзьве з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) і дзьве шатляндзкія кампаніі (Maxforse LP і Altastar LP), яшчэ 1% належаў расейскаму інвэстару.
Дырэктарам карпарацыі быў прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Кіргізстану Даніяра Ўсенава (на радзіме яго чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе). Паводле ранейшай інфармацыі СМІ, Даніяр Усенаў жыве ў Беларусі.
Ключавым уласьнікам шатляндзкіх офшораў — трымальнікам акцыяў кампаніяў ёсьць Асылбек Саліеў, пляменьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Ён таксама хаваецца ў Беларусі. Паводле ранейшых зьвестак Tut.by, сярод акцыянэраў таксама могуць быць сам Курманбек Бакіеў і яго сыны Марат і Максім. Сямʼя Бакіева на запрашэньне Лукашэнкі жыве ў Беларусі з 2010 году. Ён, ягоны брат і малодшы сын знаходзяцца ў міжнародным вышуку.
У 2023 годзе ў Раду дырэктараў БНБК увайшоў дарадца кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава Леў Грогаў.
У сьнежні 2023 году Лукашэнка прызнаў праблемы БНБК, заявіўшы пра «істотныя недапрацоўкі і праблемы з загрузкай магутнасьцяў заводу, збытам гатовай прадукцыі». Ён папрасіў урад падаць «дакладны альгарытм ліквідацыі ўсіх наяўных недапрацовак» і забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці прадпрыемства, назваўшы яго важным «іміджавым праектам» і адзначыўшы: «Вы ведаеце, у што ён абышоўся ня толькі мне, але і дзяржаве».
Пасьля гэтага ўрад Беларусі прызначыў свайго прадстаўніка ў кіраўніцтве БНБК, а Міністэрства сельскай гаспадаркі рашэньнем ураду атрымала права павялічваць статутны фонд БНБК, выпускаючы дадатковыя акцыі.
Форум