На сайце фонду апублікавалі абгрунтаваньне прысуджэньня прэміі.
«Знаходзячыся пад шатамі ўсё больш рэпрэсіўнага рэжыму, Беларусь застаецца ў значнай ступені адрэзанай ад сьвету. У гэтай ізаляцыі Беларускі ПЭН выступае ў якасьці маяка супраціву, абараняючы свабоду слова, культурную ідэнтычнасьць і правы пісьменьнікаў і дзеячоў мастацтва, паддаючы сябе велізарнай асабістай і калектыўнай рызыцы».
Прысуджаючы прэмію беларускаму ПЭНу, арганізацыя «хоча праліць сьвятло на гэты куток Эўропы, які занадта часта замоўчваецца, і прыцягнуць міжнародную ўвагу да іхнай адважнай працы, якую яны вядуць нягледзячы на цэнзуру і перасьлед».
«Сёньня наша дзейнасьць застаецца ў значнай ступені непублічнай, гэта наш усьвядомлены выбар: зь меркаваньняў бясьпекі мы не выхваляемся шматлікімі посьпехамі, таму такія ўзнагароды, якія адзначаюць нашыя дасягненьні, тым больш важныя. Акрамя таго, значная частка нашай каманды застаецца непублічнай, і я не магу адзначыць іх і падзякаваць публічна», — напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку кіраўніца Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.
Цырымонія ўручэньня прэміі пройдзе ў лістападзе сёлета.
«Хіросімскі фонд Эдыты і Айры Морыс» за мір і культуру створаны ў 1989 годзе. Уручае ўзнагароды людзям і арганізацыям, якія ў культурнай галіне спрычыняюцца да ўмацаваньня дыялёгу, узаемаразуменьня і міру ў зонах канфліктаў.
Беларускі ПЭН-цэнтар створаны ў 1989 годзе. Як грамадзкае аб’яднаньне зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі ў лістападзе 1990 году, перарэгістраваны ў кастрычніку 1999-га. 9 жніўня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў арганізацыю на пазоў Міністэрства юстыцыі, якое сьцьвярджала, што ПЭН-цэнтар атрымліваў бязвыплатную дапамогу з-за мяжы з парушэньнем парадку яе залучэньня.
Раней, 14 ліпеня, сілавікі правялі ператрус у памяшканьні юрыдычнага адрасу арганізацыі. ПЭН-цэнтар паведамляў, што ў дакумэнтах на ператрус фігуравалі справы паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
11 ліпеня 2022 году арганізацыя атрымала рэгістрацыю ў Польшчы пад назвай «Беларускі ПЭН». Старшынёй выбралі літаратарку Тацяну Нядбай, якая ўзначальвала ПЭН-цэнтар у 2017–2019 гадах. У склад рады арганізацыі ўвайшлі ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 году Сьвятлана Алексіевіч (кіравала ПЭН-цэнтрам у Беларусі з 2019 году да прымусовага закрыцьця), філёзафка Вольга Шпарага, паэты Юлія Цімафеева, Андрэй Хадановіч і іншыя.
Форум