«Ёсьць першыя паказаньні падазраванага. Цяпер праводзяцца далейшыя неадкладныя сьледчыя дзеяньні для высьвятленьня ўсіх абставінаў гэтага забойства», — паведаміў у ноч на 1 верасьня Ўладзімір Зяленскі з спасылкай на кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, СБУ і генэральнага пракурора Ўкраіны.
Украінскі прэзыдэнт даручыў праваахоўным органам праінфармаваць грамадзтва аб прасоўваньні расьсьледаваньня.
«Дзякую праваахоўнікам за апэратыўную і скаардынаваную працу. Усе абставіны гэтага жахлівага забойства павінны быць высьветленыя», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка ўдакладніў, што падазраванага затрымалі ў Хмяльніцкай вобласьці. «Злачынства старанна рыхтавалася: вывучаўся графік перамяшчэньня загінулага, пракладваўся маршрут, прадумваўся плян уцёкаў», — паведаміў ён.
Паводле міністра, сьледчыя выйшлі на падазраванага цягам 24 гадзін, а праз 36 гадзін затрымалі.
У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны заявілі, што «злачынства невыпадковае, у ім ёсьць расейскі сьлед».
Колішняга старшыню Вярхоўнай Рады, экс-сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, дэпутата Андрэя Парубія ў Львове застрэліў удзень 30 жніўня невядомы, які ў момант нападу быў апрануты як кур’ер адной з службаў дастаўкі.
Ён выстраліў некалькі разоў, на месцы нападу знайшлі сама меней 7 гільз. У выніку атрыманых раненьняў Андрэй Парубій загінуў на месцы.
Форум