Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад назваў фэрмэраў вінаватымі ў сёлетнім дэфіцыце бульбы ў Беларусі


Бульба, архіўнае фота
Бульба, архіўнае фота

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю пачне штрафаваць гаспадаркі, якія ня выканалі дамоваў з гандлёвымі сеткамі, — такія высновы зрабілі ўлады з бульбянога крызісу.

Як паведаміла ўрадавая газэта «Рэспубліка», Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) правяло расьсьледаванне прычынаў зьнікненьня бульбы з паліцаў беларускіх крамаў.

Улады высьветлілі, што некалькі беларускіх фэрмэраў, якія падпісалі зь беларускімі гандлёвымі сеткамі дамовы на пастаўкі, ня выканалі іх, а прадалі бульбу за мяжу.

«Паміж гандлем і вытворцамі заключаюцца дамовы, якія дзейнічаюць да наступнага пэрыяду збору ўраджаю. Для бульбы гэта 1 чэрвеня. Акрамя таго, ідзе пастаянны аналіз астачы: аб’ёмы бульбы ў стабілізацыйных фондах заўсёды перавышалі плянавыя мінімальныя значэньні, што пацьвярджалася падчас выязных захадаў, якія праводзіць, у тым ліку, МАРГ», — паведаміла газэта «Рэспубліка».

У Беларусі сутыкнуліся з сытуацыяй, калі цэны на бульбу на замежных рынках былі ў 2,5-3 разы вышэйшыя, чым на ўнутраным, нагадаў абставіны міністар гандлю Артур Карповіч. У вытворцаў зьявілася зацікаўленасьць пастаўляць гэтую прадукцыю на экспарт.

«Пры гэтым ніхто не здымаў зь іх абавязку адгружаць прадукцыю паводле дамоваў, заключаных з гандлёвымі арганізацыямі... Разам з тым вытворцы пачалі хітраваць са схемамі, ставячы ў першую чаргу эканамічны інтарэс пры рэалізацыі. Праз гэта ўвесну на ўнутраным рынку ўзьнік дэфіцыт», — паведамляе «Рэспубліка».

МАРГ правёў антыманапольнае расьсьледаваньне, устанавіў факт парушэньня вытворцам 24-га артыкулу Закону аб гандлі.

Напрыклад, як паведаміла аб выніках расьсьледаваньня «Рэспубліка», гандлёвая арганізацыя падпісала дамову з фэрмэрскай гаспадаркай аб тым, што ў красавіку сёлета ў раздробную гандлёвую сетку будзе пастаўлена 200 тон бульбы. З гэтага абʼёму фэрмэрская гаспадарка, нібыта «зыходзячы са сваіх асабістых карысьлівых інтарэсаў», паставіла толькі каля 900 кіляграмаў. А ў траўні пры заключанай дамове на 200 тон не паставіла ўвогуле нічога. Ідзецца пра фэрмэрскую гаспадарку «Гарызонт Мастоўскага раёну». Але пазьней фэрмэрская гаспадарка, якою кіруе дэпутат абласнога савету, свае абавязаньні выканала.

Было выяўлена яшчэ некалькі такіх выпадкаў з фэрмэрскай гаспадаркай «Яблыневы сад» Гомельскай вобласьці, РУП «Талачынскі кансэрвавы завод» Віцебскай вобласьці, а таксама іншымі фэрмэрамі.

Так, напрыклад, гаспадарка «Яблыневы сад» ня выканала паставак якаснай бульбы са стабілізацыйных фондаў у буйную раздробную сетку, тым самым быў створаны дэфіцыт бульбы ў масавым гандлі. Іншай сетцы Талачынскі кансэрвавы завод у красавіку паставіў з стабілізацыйнага фонду прадукцыю ня ў поўным абʼёме.

Як будуць караць

Каб такія факты не паўтараліся, за зрыў паставак з стабілізацыйных фондаў паводле ўжо заключаных дамоваў увялі адміністрацыйную адказнасьць. Як паведаміў Карповіч, з 12 ліпеня ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях уступілі ў сілу зьмены: непастаўка або недапастаўка паводле заключанай дамовы прадукцыі з стабілізацыйных фондаў для агульнанацыянальных патрэбаў для пастаўніка і нарыхтоўніка, а таксама брак прадукцыі ў гандлёвым абʼекце ў міжсэзонны пэрыяд служыць падставай для штрафу ад 5 да 12 базавых велічыняў на службовую асобу, ад 20 да 200 базавых велічыняў на юрыдычную асобу.

  • Вясной 2025 году з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі яна была, то дробная і невысокай якасьці.
  • Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
  • З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
  • Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
  • Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG