Як паведаміла Афганская служба Радыё Свабода, у Афганістане не выключаюць далейшага росту колькасьці загінулых.
Паведамляецца, што разбураныя цэлыя вёскі. Многія людзі, у тым ліку дзеці, усё яшчэ пад заваламі. Мясцовыя жыхары просяць тэрміновай дапамогі і паскарэньня выратавальных апэрацыяў.
«Людзі ўва ўсёй даліне пацярпелі. Усе дамы разбураныя, нічога не засталося. [...] Самалёты прылятаюць, запаўняюцца [загінулымі і параненымі] і зноў зьлятаюць. Гэта велізарная трагедыя. Я ніколі ў жыцьці ня бачыў нічога падобнага», — працытавала агенцтва DPA жыхара правінцыі Кунар, у якога загінулі некалькі сямейнікаў.
Паводле зьвестак Геалягічнай службы ЗША (USGS), землятрус магнітудай 6,0 адбыўся 31 жніўня а 19:17 грынвіцкага часу, незадоўга да поўначы мясцовага часу, недалёка ад мяжы Афганістану з Пакістанам.
Многія краіны сьвету выказалі спачуваньні пацярпелым, некаторыя прапанавалі дапамогу і падтрымку. Пасьля дзесяцігодзьдзяў вайны Афганістан застаецца адной з найбяднейшых краін сьвету і цярпіць ад гуманітарных крызісаў. Краіна змагаецца з прымусовай дэпартацыяй мільёнаў афганскіх уцекачоў з Пакістану і Ірану, калі яе здольнасьць рэагаваць на стыхійныя бедзтвы значна аслабла пасьля спыненьня замежнай дапамогі па захопе ўлады талібамі ў жніўні 2021 году. З таго часу Афганістан быў у значнай ступені ізаляваны ад міжнароднай супольнасьці, што ўскладняе аказаньне дапамогі. Толькі Расея афіцыйна прызнала ўрад талібаў.
Форум