Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваюць закрывацца радзільні. Праблемы ў Калінкавічах, Вялейцы, Полацку і іншых гарадах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Парадзіх адпраўляюць у шпіталі ў больш буйных гарадах, бо ў меншых яны зачыняюцца.

У Калінкавічах працягваецца рамонт раённай лякарні, акрамя таго, у гэтым палескім горадзе закрылі радзільнае аддзяленьне. Жанчын адпраўляюць у суседні Мазыр, які месьціцца паблізу. Але праблема ў тым, што мост, які злучае Мазыр і Калінкавічы, ужо 2 гады знаходзіцца на рэканструкцыі. Шлях у аб’езд займае ў некалькі разоў больш часу. Напрыклад, працягласьць маршруту № 6, які злучаў мікрараён «Зарэчны» з «мацерыковым» Мазыром, павялічыўся больш як у 4 разы, час дарогі — у 3 разы, піша выданьне BGMedia.

Пры гэтым мазырская радзільня перапоўненая, бо туды ж адпраўляюць нараджаць зь Ельску, Нароўлі і Жыткавічаў.

У камэнтарах аб закрыцьці радзільні ў Калінкавічах людзі падзяліліся набалелым: становішча з закрыцьцём радзільняў тычыцца ня толькі раённага цэнтру, а ўсёй Беларусі. Закрытая радзільня ў Вялейцы, езьдзіць трэба ў Маладэчну. Закрытыя радзільныя аддзяленьні ў Глыбокім і Докшыцах, хоць мясцовыя жыхары былі супраць. З Хвойнікаў нараджаць едуць у Рэчыцу, а гэта 60 кілямэтраў дарогі, з Пружанаў і Ганцавічаў — у Баранавічы.

У Полацку радзільню будавалі 12 гадоў, але ў 2024 яе ўсё ж зьнесьлі і прапанавалі парадзіхам ехаць у Наваполацак. Туды ж адправілі і мамаў з Глыбокага і Докшыцаў.

На пачатку чэрвеня Белстат пасьля чатырохгадовага перапынку апублікаваў зьвесткі пра тое, колькі дзяцей нарадзіліся ў 2024 годзе. Паводле новых дадзеных, за апошні год у Беларусі нарадзіліся 58 939 дзяцей. Дзесяць гадоў таму нованароджаных было ўдвая больш — 118 500.

Згодна з прагнозам ААН, насельніцтва Беларусі можа скараціцца ўдвая да 2100 году і складзе прыкладна 4,5 мільёна чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG