Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ўкраіны падалі ў суд пазоў аб спыненьні дзейнасьці Кіеўскай мітраполіі праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату


Мітрапаліт Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) Ануфрый каля партрэту патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла, 4 студзеня 2017 году
Мітрапаліт Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) Ануфрый каля партрэту патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла, 4 студзеня 2017 году

Дзяржаўная служба Ўкраіны па этнапалітыцы і свабодзе сумленьня падала пазоў у суд аб спыненьні дзейнасьці Кіеўскай мітраполіі Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) за яе сувязі з Расейскай праваслаўнай царквой (РПЦ).

Пра гэта паведаміў на брыфінгу кіраўнік службы Віктар Яленскі: яго заявы трансьляваліся на старонцы ведамства ў фэйсбуку.

Па словах Яленскага, УПЦ таксама падала ў суд адразу некалькі пазоваў у адказ.

РПЦ узначальвае паплечнік Пуціна патрыярх Кірыл. Царква падтрымала вайну ва Ўкраіне, якую разьвязаў Крэмль. У жніўні 2024 году прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб забароне рэлігійных арганізацый, якія маюць сувязі з Расеяй. Пад яго патрапіла і УПЦ (МП), якая ня мае ва Ўкраіне адзінай юрыдычнай асобы, а складаецца з асобных япархій і прыходаў. Па кожнай зь іх для забароны дзейнасьці павінен быць асобны зварот у суд.

Кіеўская мітраполія — найбуйнейшая і найбагацейшая зь мітраполій УПЦ (МП). Да нядаўняга часу яна кантралявала Кіева-Пячэрскую Ляўру ў Кіеве. Спроба ўкраінскіх уладаў выселіць з гэтага манастыра манахаў УПЦ (МП) скончылася вялікім скандалам і абвінавачваньнямі з боку Масквы на адрас Кіева ў перасьледзе праваслаўя ва Ўкраіне.

Масква ўжо рэзка адрэагавала на цяперашні пазоў. Пасол па асобых даручэньнях МЗС Расеі Радзіён Мірошнік заявіў ТАСС: «Улады Ўкраіны выдумалі псэўдаправавы мэханізм, каб зьнішчыць найбуйнейшую ў краіне канфэсію — кананічную Украінскую праваслаўную царкву (УПЦ), а ў далейшым маюць намер разрабаваць яе маёмасьць і растаптаць рэлігійныя пачуцьці мільёнаў вернікаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG